Сьцісла:
- Пакуль Расея захрасла ва Ўкраіне, у яе няма часу на Аляксандра Лукашэнку.
- Заяву Грызлова можна трактаваць як схаваную пагрозу. Гэта сыгнал, што Расея хоча і ў стане кантраляваць «выбарчы працэс» у Беларусі.
- Адзіны, для каго Лукашэнка надзейны хаўрусьнік, — гэта ён сам.
- Працэдура перапрызначэньня пройдзе альбо пад кантролем Лукашэнкі, альбо пад кантролем Расеі.
- Адзіная нармальная стратэгія, якая дазволіць захаваць твар, — гэта публічна і пасьлядоўна нагадваць, што выбараў у Беларусі няма.
— 23 кастрычніка прызначаная дата прэзыдэнцкіх выбараў — 26 студзеня 2025 году. Гэта настолькі рана, што апярэджвае нават самыя сьмелыя прагнозы, якія паказвалі на люты. Куды і чаму сьпяшаецца ўлада?
— Вельмі сьпяшаецца Лукашэнка. Яму важна пасьпець, па-першае, за сваім здароўем, якое рухаецца, і даволі хутка, у адваротным кірунку. Па-другое, ён вельмі жадае паўдзельнічаць у перамовах наконт пасьляваеннага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне. Лукашэнка спадзяваўся на нейкае замірэньне, якое, як падавалася, было магчымае ў лістападзе ці сьнежні — але зараз відавочна, што яго ня будзе, яно адкладаецца.
Таму трэба сьпяшацца і паспрабаваць ускочыць у той цягнік, які адыходзіць. Пажадана ў статусе перапрызначанага кіраўніка Беларусі.
Адначасова ён сьпяшаецца таму, што пакуль Расея захрасла ва Ўкраіне — у яе няма часу на Аляксандра Лукашэнку. І ёсьць шанец, што нават калі падтрымкі Расеі на выбарах ня будзе — то можна проста паставіць яе перад фактам. Маўляў, народ патрабуе, я выконваю ягоную волю і таму буду зноў пераабірацца.
— Калі вы ўжо згадалі пра Расею, то літаральна ўчора амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што Расея гатовая прыйсьці на дапамогу беларускаму рэжыму, калі ў краіне зьявіцца пагроза дэстабілізацыі падчас выбараў 2025 году. Хіба гэта ня сьведчыць пра падтрымку? Альбо гэтую заяву Грызлова варта ўспрымаць хутчэй як схаваную пагрозу?
— Я б яе трактаваў акурат як схаваную пагрозу. Гэта відавочны сыгнал, што Расея хоча і ў стане кантраляваць «выбарчы працэс» у Беларусі. Таму такая «братэрская падтрымка» — гэта можа быць не абарона, а кантроль выкананьня дамоўленасьцяў. Каб пазьбегнуць «дэстабілізацыі», як яе разумее Масква. На думку Крамля, трэба выконваць дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя ў 2020 годзе і былі неаднаразова пацьверджаныя Лукашэнкам — што павінен адбыцца транзыт улады.
— Падзеі апошніх двух гадоў, аднак, сьведчаць, што ніякага транзыту Крэмль ужо асабліва не патрабуе, цалкам падтрымліваючы Лукашэнку. Дый Лукашэнка цяпер можа сказаць: «Давайце я пераабяруся, а потым ужо будзем думаць пра транзыт».
— Ён можа казаць што заўгодна, але Масква цягам апошніх гадоў пераканалася, што Лукашэнка — найгоршы саюзьнік.
— Чым ён найгоршы? Чым ягоныя дзеяньні не задавальняюць стратэгічна Расею?
— Па-першае, беларускія войскі так і не ўступілі ў вайну. Пасьля ўваходу Ўкраіны ў Курскую вобласьць Расеі саюзьнік павінен быў прыйсьці на дапамогу. Па-другое, Лукашэнка ўсьцяж спрабуе гуляць, таргавацца з Захадам.
— Здаецца, пакуль гэта ня вельмі атрымліваецца.
— Так, ня вельмі атрымліваецца. Але гэта сьведчыць, што на самой справе Лукашэнка не такі надзейны саюзьнік. Адзіны, для каго Лукашэнка надзейны хаўрусьнік, — гэта ён сам.
— Апошнія тыдні Лукашэнка праводзіць такія дзеяньні, якія можна назваць выбарчай кампаніяй. Езьдзіць па «Дажынках», раздае сацыяльныя даброты, абяцае мэліярацыю і новыя дарогі. Ці можна сказаць, што гэтым ствараецца нейкі новы імідж, які моцна адрозьніваецца ад таго, што было ў 2020 годзе, калі Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі сустракаўся пераважна зь сілавікамі?
— Праблема для Лукашэнкі ў тым, што ўсе гэтыя абяцанкі малавыканальныя. Калі гаварыць пра пэнсіі, то Лукашэнка проста пагадзіўся не забіраць у пэнсіянэраў, якія працуюць, грошы, якія яны самі ўжо зарабілі. Калі гаварыць пра дарогі і масты, то грошай на дарагія праекты, на хуткасныя магістралі няма. Дагэтуль большасьць новых дарог у Беларусі будавалася за кошт крэдытаў Сусьветнага Банку ды іншых міжнародных фінансавых структураў. Іхны сыход зь Беларусі прывёў дарогі ў жудасны стан.
Можна абвяшчаць самыя розныя прыгожыя пляны, але няма фінансаў на іх выкананьне. Расейскі крэдыт, пра які заявіў беларускі міністар фінансаў, пакуль не пацьверджаны. На выкананьне ўсіх гэтых сацыяльных абяцаньняў грошай няма. І людзі гэта разумеюць. Можна езьдзіць па «Дажынках», але гэта можа атрымацца перадвыбарчая кампанія, якая ператворыцца ў разьвітальнае турнэ. Чаўшэску таксама сабраў самы масавы мітынг у той дзень, калі ягоная ўлада пачала абрынацца.
— Дэмакратычныя сілы абвясьцілі, што заклікаюць галасаваць на гэтых выбарах супраць усіх. Наколькі такая тактыка слушная, па-вашаму?
— На дадзены момант гэта ня мае ніякага значэньня. Працэдура перапрызначэньня пройдзе альбо пад кантролем Лукашэнкі, альбо пад кантролем Расеі. Дэмакратычных сілаў у гэтым працэсе ўнутры краіны няма. Рэгістраваць нейкія ініцыятыўныя групы — гэта будзе правакацыяй.
Адзіная нармальная стратэгія, якая дазволіць захаваць твар, — гэта публічна і пасьлядоўна казаць, што выбараў у Беларусі няма. Бо сама працэдура прызначаецца нелегітымнай уладай. Спробы палітызацыі грамадзтва і выкарыстаньня гэтых выбараў для нейкай грамадзкай кампаніі прывядуць да вынікаў яшчэ горшых і больш разбуральных, чым гэта было падчас рэфэрэндуму ў 2022 годзе.
Форум