Спробы праціўнікаў ЗША пасеяць раскол і выклікаць недавер да прэзыдэнцкіх выбараў у амэрыканскім грамадзтве пачынаюць узмацняцца, піша Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа са спасылкай на высокапастаўленых прадстаўнікоў амэрыканскай выведкі.
Апошняя рассакрэчаная ацэнка сытуацыі, апублікаваная 22 кастрычніка Ўпраўленьнем дырэктара нацыянальнай выведкі (DNI) ЗША, зьявілася ўсяго за два тыдні да 5 лістапада, калі выбарнікі пойдуць на ўчасткі, каб выбраць новага прэзыдэнта і прагаласаваць па шэрагу агульнадзяржаўных ініцыятыў і на мясцовых выбарах, піша «Голас Амэрыкі».
«Замежныя суб’екты — у прыватнасьці, Расея, Іран і Кітай — па-ранейшаму шукаюць спосабы ўзмацніць рознагалосьсі, каб падзяліць амэрыканцаў і падарваць давер да дэмакратычнай сыстэмы ЗША, што адпавядае таму, што яны лічаць сваімі інтарэсамі», — гаворыцца ў дакумэнце.
У дакумэнце таксама падкрэсьліваецца, што спэцслужбы ЗША «ўсё больш пераконваюцца», што Расея пачынае рабіць крокі, «накіраваныя на распальваньне гвалту». Іран таксама «можа паспрабаваць справакаваць гвалт», гаворыцца ў справаздачы.
Праблемы могуць узьнікнуць пасьля закрыцьця ўчасткаў
Асаблівую заклапочанасьць выклікае тое, што, відаць, усё большая ўвага аддаецца гадзінам, дням і тыдням менавіта пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, калі будуць лічыць галасы і пацьвярджаць вынікі.
Праціўнікі ЗША, «верагодна, хутка прыдумаюць ілжывыя гісторыі або будуць распаўсюджваць кантэнт, які, на іх думку, створыць блытаніну наконт выбараў, напрыклад, публікуючы лжывыя заявы аб парушэньнях на выбарах», — паведаміў супрацоўнік адной са спэцслужбаў, які праводзіў брыфінг для журналістаў на ўмовах ананімнасьці. Падчас тэлеканфэрэнцыі ён паведаміў падрабязнасьці таго, як варожыя краіны могуць умяшацца ў ход амэрыканскіх выбараў.
Паводле крыніцы, Расея, Іран і Кітай, «знайшоўшы слабыя месцы, пачнуць прасоўваць дэзынфармацыю або распальваць і ўзмацняць пратэсты і пагрозы», пачынаючы з моманту закрыцьця выбарчых участкаў і да 6 студзеня, калі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў будуць пацьверджаныя на сумесным пасяджэньні Кангрэсу.
«Ініцыяваныя або ўзмоцненыя з-за мяжы гвалтоўныя пратэсты, гвалт або фізычныя пагрозы ў дачыненьні да работнікаў выбарчых участкаў або дзяржаўных і мясцовых службовых асоб могуць паставіць пад сумнеў здольнасьць гэтых чыноўнікаў праводзіць сэртыфікацыю і сам працэс працы калегіі электараў, — дадаў чыноўнік. — Асабліва калі яны створаць умовы, якія перашкаджаюць неабходнаму фізычнаму доступу да аб’ектаў або месцаў правядзеньня выбараў».
Супрацоўнікі выведкі раней таксама папярэджвалі, што Расея і Іран будуць асабліва актыўна праводзіць розныя апэрацыі ўплыву, накіраваныя на амэрыканскіх выбарнікаў, і што ёсьць высокая верагоднасьць, што гэтыя намаганьні выйдуць за межы выбараў 5 лістапада.
Паводле іх, Расея працуе над павышэньнем шанцаў на пераабраньне былога прэзыдэнта і цяперашняга кандыдата ад рэспубліканцаў Дональда Трампа, у той час як Іран працуе над тым, каб перашкодзіць пераабраньню Трампа і замест гэтага падтрымаць кампанію віцэ-прэзыдэнта Камалы Гарыс, кандыдаткі ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.
Паводле прадстаўнікоў амэрыканскай выведкі, Кітай пакуль ня ўмешваўся ў прэзыдэнцкую гонку, засяродзіўшы свае намаганьні на кандыдатах у Кангрэс і ў органы ўлады штатаў і муніцыпалітэтаў, якія, як лічыцца, прасоўваюць палітыку, шкодную інтарэсам Пэкіну, уключна з тымі, хто выказвае падтрымку Тайваню.
Крыніцы заявілі 22 кастрычніка, што новыя выведніцкія зьвесткі выклікаюць асьцярогі, што Масква паспрабуе справакаваць гвалт асабліва пасьля закрыцьця выбарчых участкаў.
«Мы чакаем, што Расея будзе больш агрэсіўнай у гэты пэрыяд, калі віцэ-прэзыдэнтка [Камала Гарыс] пераможа на выбарах», — адзначыў прадстаўнік выведкі.
Расея і Іран пакуль не адказалі на запыты «Голасу Амэрыкі» аб камэнтарах, а Кітай 23 кастрычніка чарговым разам адхіліў высновы амэрыканскай выведкі.
«Прэзыдэнцкія выбары — гэта ўнутраная справа Злучаных Штатаў, — паведаміў Лю Пэн’юй, прадстаўнік пасольства Кітаю ў Вашынгтоне, у электронным лісьце „Голасу Амэрыкі“. — Кітай ня мае такіх намераў, і ён ня будзе ўмешвацца ў выбары».
Форум