Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе аб забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве пройдзе папярэдняе паседжаньне


Цэрымонія пахаваньня Лізаветы ў Варшаве, Польшча. Архіўнае фота
Цэрымонія пахаваньня Лізаветы ў Варшаве, Польшча. Архіўнае фота

На папярэднім пасяджэньні сплянуюць ход працэсу і парадак выкананьня пэўных працэсуальных дзеяньняў, аднак гэта яшчэ не фактычны пачатак суду. Першыя слуханьні, якія пройдуць у закрытым рэжыме прызначаныя на 4 і 17 сьнежня.

Папярэдняе судовае паседжаньне ў справе паляка Дорыяна С., абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага, мае пачацца 24 кастрычніка.

Раней пракурор Пётар Антоні Скіба расказваў, што з улікам характару справы далейшы ейны ход і наступны суд будуць закрытымі. У такіх справах у Польшчы закрытасьць аўтаматычная — у інтарэсах пацярпелых і іхных сваякоў.

Першыя слуханьні, якія пройдуць у закрытым рэжыме, прызначылі на 4 і 17 сьнежня, паведамляе выданьне Super-Express.

Вырак могуць агучыць публічна, але ў публічнай частцы абвесьцяць толькі прадмет справы, прызнаньне вінаватым ці невінаватым і прысуджанае пакараньне.

7 жніўня стала вядома, што экспэртнае заключэньне ад псыхіятраў, псыхоляга і сэксоляга паказала: абвінавачаны прытомны і можа браць удзел у судовых пасяджэньнях.

Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

  • У ноч з 24 на 25 лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску Лізавету напаў мужчына. Яна вярталася раніцай дадому, ён прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе пабіў і згвалціў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю.
  • Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы Дорыян С. Яго арыштавалі ў той жа дзень.
  • Пасьля нападу Лізавета знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталя, непрытомная, на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганьні дактароў, 1 сакавіка яна памерла. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
  • Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым цэтлікам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
  • Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У галоўных польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы шмат дзён была адной з асноўных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG