Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыяспару беларусаў сьвету» прызналі «экстрэмісцкай»


Акцыя салідарнасьці беларусаў Літвы на чацьвёртую гадавіну выбараў, Вільня, 9 жніўня 2024
Акцыя салідарнасьці беларусаў Літвы на чацьвёртую гадавіну выбараў, Вільня, 9 жніўня 2024

Суд Лунінецкага раёну Берасьцейскай вобласьці прызнаў «экстрэмісцкай» групу ў Facebook «Дыяспара беларусаў сьвету».

Пра гэта паведамляе выданьне «Медиазона Беларусь» са спасылкай на абноўлены пералік «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сайце Мінінфарму.

Група «Дыяспара беларусаў сьвету» аб’ядноўвае беларусаў, якія жывуць за межамі Беларусі. На старонку ў Facebook падпісана больш за 5 тысяч чалавек.

«Экстрэмісцкімі» таксама прызнаны група ў Facebook дыяспары беларусаў у Канадзе «Belarusian Canadian Alliance / Згуртаваньне Беларусаў Канады» і тэлеграм-канал беларускай дыяспары ў Францыі з назвай LES BELARUSSES EN FRANCE.

Таксама ў «экстрэмісцкія» матэрыялы ўнесеныя тэлеграм-канал «Последний русский / The Last Russian», старонка Андрэя Вярэніча ў «Аднаклясьніках» і старонка ў Instagram «Рэальная Беларусь».

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG