Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская рада пацьвердзіла, што ўступленьне Грузіі ў Эўразьвяз прыпыненае


Саміт Эўразьвязу. Брусэль, 17 кастрычніка 2024
Саміт Эўразьвязу. Брусэль, 17 кастрычніка 2024

Эўрапейская рада па выніках саміту ў Брусэлі зноў пацьвердзіла гатоўнасьць ЭЗ падтрымаць грузінскі народ у яго імкненьні да эўрапейскай інтэграцыі.

У той жа час найвышэйшы палітычны орган ЭЗ выказаў сур’ёзную заклапочанасьць дзеяньнямі грузінскага ўраду, якія супярэчаць фундамэнтальным каштоўнасьцям і прынцыпам, на якіх заснавана аб’яднаньне.

У апублікаваным па выніках саміту дакумэнце Рада нагадала, што такія дзеяньні ставяць пад пагрозу эўрапейскі шлях Грузіі і «фактычна прыпынілі працэс яе далучэньня да ЭЗ». Яна заклікала Грузію да правядзеньня «дэмакратычных, усёабдымных і ўстойлівых рэформаў у адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі эўрапейскай інтэграцыі».

«Эўрапейская рада будзе працягваць уважліва сачыць за сытуацыяй у краіне, — сказана ў дакумэнце, — і чакае, што маючыя адбыцца парлямэнцкія выбары ў Грузіі будуць свабоднымі і справядлівымі, адпавядаць міжнародным стандартам і мець бесьперашкодны доступ для міжнародных і айчынных назіральнікаў». Рада падкрэсьліла неабходнасьць абароны свабодных, незалежных і плюралістычных СМІ.

Эўрапейская рада таксама пацьвердзіла непахісную падтрымку Эўрапейскім зьвязам сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі ў яе міжнародна прызнаных межах. Яна падкрэсьлівае рашучасьць ЭЗ да мірнага вырашэньня канфліктаў.

Вышэйшы орган Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейская рада, якім кіруе Шарль Мішэль, аб’ядноўвае кіраўнікоў дзяржаў — сяброў Эўрапейскага зьвязу і прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі. Выснова, апублікаваная 17 кастрычніка, ахоплівае розныя пытаньні і краіны, у тым ліку вайну ва Ўкраіне і сытуацыю на Блізкім Усходзе.

Эўрапейскі Звяз ужо некалькі месяцаў крытычна ацэньвае дзеяньні ўраду дзяржавы — кандыдата на сяброўства, Грузіі, і заклікае яе да вяртаньня на эўрапейскі шлях.

Пасьля прыняцьця Грузіяй закону аб «іншаземных агентах» Эўрапейскі зьвяз прыпыніў працэс інтэграцыі Грузіі, фінансавую дапамогу ўраду, а таксама адмовіўся ад сустрэч з чальцамі ўраду Грузіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG