Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр пабіў гадавы максымум і цяпер каштуе 3,3 рубля. З чым гэта зьвязана і што будзе далей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Усе іншыя валюты патаньнелі адносна беларускага рубля. Пра што гэта сьведчыць і ці варта бегчы ў абменьнік, адказвае эканаміст.

У выніку таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 10 кастрычніка даляр падаражэў на 0,31% і стаў каштаваць 3,3 рубля. Гэта рэкорднае гадавое значэньне. Іншыя валюты 10 кастрычніка адносна беларускага рубля патаньнелі:

  • эўра стаў таньнейшым на 0,67% (3,62 рубля)
  • расейскі рубель патаньнеў на 0,41%, 100 рублёў цяпер каштуюць 3,42 беларускага рубля
  • юань зьнізіўся ў цане на 0,32% і каштуе 4,7 беларускага рубля за 10 юаняў

«Папраўдзе беларускі рубель умацоўваецца»

Беларускі рубель вырас адносна іншых валют і прасеў адносна даляра. На гэта зьвяртае ўвагу экспэрт дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.

«Трэба глядзець сярэдняе значэньне адносна кошыку валютаў. І тут мы бачым, што беларускі рубель умацоўваецца. На валютным рынку прапанова валюты, людзі прадаюць яе. А ў межах валютнага кошыку ідуць ваганьні асобных курсаў рубля, яны залежаць ад курсаў на замежных рынках: эўра да даляра, расейскага рубля да даляра. Расейскі рубель аслабеў да даляра, і мы ўбачылі, што беларускі рубель зьнізіўся да даляра, але вырас да расейскага рубля», — кажа Анатоль Харытончык.

Такім чынам, на курсе беларускага рубля да даляра адбілася зьніжэньне расейскага. А таксама рост кошту даляра ў сьвеце. Гэта часта адбываецца на фоне няпэўнасьці. Цяперашнія прычыны яе — нестабільнасьць на Блізкім Усходзе, а таксама карэктаваньне эканамічных прагнозаў у ЗША, а менавіта зьвестак аб працоўным рынку.

«Дэвальвацыі ня будзе»

Што да прагнозаў наконт беларускага рубля, то ціск на яго будзе сярэдні. Паводле Анатоля Харытончыка, рэзкіх зьменаў не адбудзецца.

«Далей магчымае невялікае сэзоннае аслабленьне. Будзе высокі імпарт з пачатку ацяпляльнага сэзону. Беларускі рубель цяпер рыначны, курсу не трымаюць. Перадумоваў для дэвальвацыі няма. Магчымае нават умацаваньне беларускага рубля да расейскага», — кажа экспэрт.

На беларускі валютна-фондавы рынак цяпер найбольш уплывае сытуацыя на расейскім рынку, бо на гэтую краіну завязаная большасьць беларускага экспарту. Таксама на нацыянальную валюту ўплывае розьніца паміж экспартам і імпартам. Калі Беларусь больш купляе, чым прадае, гэта аказвае ціск на курс рубля.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG