Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураган «Мілтан» пакінуў Флёрыду, ня выклікаўшы катастрафічнай паводкі, і рушыў у Атлянтычны акіян


Павалены ўраганам «Мілтан» сьвятлафор каля паліцэйскай машыны. Арланда, 10 кастрычніка 2024 году
Павалены ўраганам «Мілтан» сьвятлафор каля паліцэйскай машыны. Арланда, 10 кастрычніка 2024 году

10 кастрычніка ўраган «Мілтан» прайшоў па штаце Флёрыда ў ЗША, выклікаўшы тарнада, разбурыўшы дамы і пазбавіўшы электрычнасьці мільёны людзей, і рухаецца на ўсход у Атлянтычным акіяне, паведамляе Нацыянальны цэнтар назіраньня за ўраганамі ЗША.

Раён затокі Тампа, здаецца, унікнуў катастрафічнай паводкі, якой асьцерагаліся, піша Reuters. Разам з тым у затоцы адбылася рэдкая і незвычайная прыродная зьява, якую навукоўцы называюць «зваротным штармавым набегам». З прычыны ўрагану вада часова адступіла, агаліўшы морскае дно, і ўзровень вады ў раёне бульвару Бэйшор значна панізіўся.

Сама меней чатыры чалавекі загінулі ў акрузе Сэнт-Люсі на атлянтычным узьбярэжжы Флёрыды, калі тарнада зраўняў зь зямлёй пасёлак пэнсіянэраў, паведамілі мясцовыя СМІ з спасылкай на службоўцаў акругі. Агенцтва Reuters не змагло неадкладна пацьвердзіць гэтую інфармацыю.

Паводле зьвестак PowerOutage.us, цяпер без электрычнасьці ў штаце застаюцца амаль 3,4 мільёна дамоў і прадпрыемстваў. Прынамсі некаторыя зь іх чакалі некалькі дзён аднаўленьня падачы электраэнэргіі пасьля таго, як ураган «Гэлен» абрынуўся на гэты раён амаль два тыдні таму.

Дом, разбураны тарнада. Форт-Маерс, штат Флёрыда, ЗША. 9 кастрычніка 2024 году
Дом, разбураны тарнада. Форт-Маерс, штат Флёрыда, ЗША. 9 кастрычніка 2024 году

У раёне Тампы шторм паваліў дрэвы, раскідаў сьмецьце па дарогах і абарваў лініі электраперадач. Некаторыя раёны былі затопленыя, але дакладны маштаб стратаў будзе вядомы, калі аварыйныя брыгады выедуць на месца і ацэняць разбурэньні. У гэтым раёне брыгады ўначы рэагавалі на дзясяткі выклікаў аб дапамозе: сярод іншага, у адным выпадку дрэва ўпала на дом, у якім былі 15 чалавек, у тым ліку дзеці. Іх даставілі ў прытулак.

У горадзе Санкт-Пецярбург ураган парваў тканіну, якая служыць дахам стадыёну бэйсбольнай каманды Tampa Bay Rays і перакуліў вялікі будаўнічы кран, у выніку чаго канструкцыя ўпала на бязьлюдную вуліцу.

Купал стадыёну Tropicana Field, разарваны ўраганам «Мілтан» у Санкт-Пецярбургу, штат Флёрыда, 10 кастрычніка 2024 году
Купал стадыёну Tropicana Field, разарваны ўраганам «Мілтан» у Санкт-Пецярбургу, штат Флёрыда, 10 кастрычніка 2024 году

«Адным з добрых знакаў для нас стала тое, што мы ня ўбачылі прагназаванага штармавога прыліву. Гэта зьберагло шмат чаго», — цытуе агенцтва заяву мэра гораду Тампа Джэйн Кастар.

Флорыда ўсё яшчэ пад пагрозай затапленьня пасьля 18 цаляў ападкаў. Улады яшчэ чакаюць, што рэкі падымуцца, але пакуль што ўзровень вады на тым жа або ніжэйшым узроўні, як падчас урагану «Гэлен» два тыдні таму.

Шторм абрынуўся на заходняе ўзьбярэжжа штату ўвечары 9 кастрычніка як ураган трэцяй катэгорыі пяцібальнай шкалы Сафіра – Сымпсана з максымальнай сталай хуткасьцю ветру 205 км у гадзіну. Хоць шторм усё яшчэ быў небясьпечным, ён быў слабейшым, чым рэдкі ўраган пятай катэгорыі, які пагражаў штату, калі рухаўся праз Мэксыканскую затоку да Флёрыды.

Пашкоджаны ўраганам будынак у цэнтры Какоа-Біч, Флёрыда. 10 кастрычніка 2024 году
Пашкоджаны ўраганам будынак у цэнтры Какоа-Біч, Флёрыда. 10 кастрычніка 2024 году

«Мілтан» аслабеў, перасякаючы сушу, і стаў ураганам першай катэгорыі з максымальнымі пастаяннымі ветрамі 145 км у гадзіну, калі дасягнуў усходняга ўзьбярэжжа паўвострава, паведаміў Нацыянальны цэнтар ураганаў. Да раніцы 10 кастрычніка шторм адыходзіў ад атлянтычнага ўзьбярэжжа Флёрыды, абрынуўшыся на ўсходняе ўзьбярэжжа.

Галоўны цэнтар шторму дасягнуў сушы ў Сіеста-Кі, горадзе на бар’ернай высьпе з насельніцтвам каля 5400 чалавек ля берагоў Сарасоты, прыкладна за 100 км на поўдзень ад затокі Тампа.

Губэрнатар Флёрыды Рон Дэсантыс заявіў раніцай 10 красавіка, што брыгады правялі ноч, расчышчаючы завалы ўва ўсім штаце. Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна пагадзілася на ўсе просьбы Флёрыды аб надзвычайнай дапамозе, сказаў ён CNBC.

«Мілтан» таксама спарадзіў сама меней 19 тарнада, сказаў губэрнатар, прычыніўшы шкоду шматлікім акругам і разбурыўшы каля 125 дамоў, большасьць зь якіх былі перасоўнымі.

У штаце Флёрыда, які два тыдні таму ўжо пацярпеў ад урагану «Гэлен», каля двух мільёнаў чалавек атрымалі загад аб эвакуацыі перад прыходам урагану «Мілтан», яшчэ мільёны засталіся на шляху шторму.

Большая частка поўдня ЗША адчула на сабе сьмяротную сілу ўрагану «Гэлен», калі ён пранёсься праз Флёрыду і некалькі іншых штатаў. Чакаецца, што абодва штормы нанясуць страты ў мільярды даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG