Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураган «Мілтан» абрынуўся на Флорыду. Больш за 2 мільёны чалавек засталіся без электраэнэргіі, ёсьць ахвяры


Наступствы ўрагану «Мілтан»
Наступствы ўрагану «Мілтан»

Пасьля ўрагану «Гэлен» Злучаныя Штаты зазналі чарговую атаку стыхіі.

Ураган «Мілтан» абрынуўся на Флорыду як шторм катэгорыі 3. Ураган хуткасьцю больш за 160 км/г пачаўся пасьля шквалу тарнада. У апошнія гадзіны шторм накіраваўся на поўдзень і абрынуўся на Сіеста-Кі каля Сарасоты, прыкладна за 112 кілямэтраў на поўдзень ад Тампы, піша АР.

NBC паведаміў пра гібель двух чалавек у гэтым мястэчку.

Паводле некаторых зьвестак, гэта наймацнейшы ўраган у гэтым рэгіёне за 19 гадоў.

«Трапікана Філд», стадыён бэйсбольнай каманды «Тампа Бэй Рэйс» у горадзе Санкт-Пецярбург, аказаўся моцна пашкоджаным. Тэлевізійныя выявы паказалі, што тканіна, якая служыць дахам купалападобнага будынка, разарваная на шматкі. Пакуль не зразумела, ці ёсьць пашкоджаньні ўнутры стадыёну. Стадыён мае найбольшы ў сьвеце купалападобны дах, што падтрымліваецца тросамі.

Больш за 2,6 мільёна дамоў і прадпрыемстваў абясточаныя агулам у Флорыдзе, паведамляе poweroutage.us, які адсочвае справаздачы камунальных службаў.

Найбольшая колькасьць адключэньняў электраэнэргіі была ў акрузе Гардзі, а таксама ў суседніх акругах Сарасота і Манаці.

Праз ураган скасаваная перадсэзонная гульня баскетбольных клюбаў НБА «Арланда Мэйджык» — «Маямі Гіт», якая мелася адбыцца ў Маямі. Аэрапорт Арланда закрыты. Агулам па краіне адкладзена больш за 1900 рэйсаў.

У рэгіёне скасавалі заняткі і мерапрыемствы ў шэрагу каледжаў і ўнівэрсытэтаў. У Заходняй і Цэнтральнай Флорыдзе пачаліся паводкі.

Паводле інфармацыі мэтэаролягаў, ураган аслабеў, але ўсё яшчэ нясе небясьпеку.

Раней праз ураган і неабходнасьць спраўляцца зь ліквідацыяй яго наступстваў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, а зь ім дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен адклалі візыт на саміт у фармаце «Рамштайн», дзе павінна была вырашацца далейшая дапамога Ўкраіне ў вызваленчай вайне з Расеяй. Пазьней стала вядома, што сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў скасавалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG