У верасьні на тэрыторыі індустрыяльнага парку ў Пінску стартавала будаўніцтва заводу ТАА «1 АК-Плястык» па вытворчасьці плястыкавай камплектацыі для акумулятарных батарэй, паведамляе сайт «Свободная экономическая зона „Брест“».
ТАА «1 АК-Плястык» уваходзіць у склад холдынгу 1AK-GROUP, зьяўляецца рэзыдэнтам СЭЗ «Берасьце» з 2023 году.
Новае прадпрыемства будзе выпускаць плястыкавыя часткі для акумулятарных батарэй: монаблёкі, вечкі, ручкі, накладкі і іншае.
Чакаецца, што завод будзе вырабляць да 3 млн камплектаў плястыкавых дэталяў за год.
Чым вядомая група кампаній?
Раней група кампаніі 1AK-GROUP займалася будаўніцствам акумулятарнага заводу ў Берасьці. Рэалізацыя праекту будаўніцтва прадпрыемства выклікала масавыя пратэсты мясцовых жыхароў праз пагрозу забруджваньня навакольнага асяродзьдзя.
Будаўніцтва заводу пачалося ў канцы 2017 году недалёка ад гораду з плянамі забесьпячэньня поўнага цыклю вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Магчымае забруджваньне паветра і глебы праз выкіды сьвінцу выклікала справядлівую насьцярогу гараджанаў і жыхароў суседніх вёсак, а факт пачатку будаўніцтва заводу без папярэдніх грамадзкіх абмеркаваньняў заахвоціў да актыўных дзеяньняў.
З сакавіка 2018 году пачаўся працяглы пратэст праціўнікаў будаўніцтва заводу. Адной зь яго яркіх і крэатыўных праяў стала штотыднёвае «кармленьне галубоў» на цэнтральнай плошчы Леніна ў Берасьці. Людзі зьбіраліся разам, каб падчас дзеяньня, якое фармальна не падпадае пад заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, абмеркаваць бягучы стан спраў і падзяліцца ідэямі аб далейшых актыўнасьцях. Такім чынам гараджане публічна выказвалі сваю нязгоду са зьяўленьнем небясьпечнага прадпрыемства.
У красавіку 2020 году дзяржаўная экалягічная экспэртыза выдала станоўчае заключэньне кампаніі «АйПаўэр», даўшы зялёнае сьвятло для запуску заводу ў эксплюатацыю. У сувязі з гэтым рашэньнем пратэсты ня сьціхалі нават падчас пандэміі, а ўлады ад абяцаньняў разабрацца ў сытуацыі перайшлі да затрыманьняў і штрафаў пратэстоўцаў.
Акрамя таго, асабіста Аляксандар Лукашэнка абяцаў правесьці першы ў гісторыі краіны мясцовы рэфэрэндуму ў пытаньні будаўніцтва заводу. Аднак свайго абяцаньня Лукашэнка ня выканаў.
На сёньня пабудова заводу набліжаецца да завяршэньня, а ўлады паўтараюць пра «жорсткі экалягічны кантроль» яго. Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць заводу патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і эксплюатацыйнай надзейнасьці.
Пры гэтым улады па-ранейшаму супрацьдзейнічаюць якой заўгодна дыскусіі вакол заводу. Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало Facebook-групу «Берасьце супраць будаўніцтва заводу сьвінцовых АКБ» у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Форум