Пра гэта паведамляе сайт прэзыдэнта Ўкраіны.
Асноўныя пункты дэклярацыі — усебаковая падтрымка аднаўленьня Ўкраіны на шляху да сяброўства ў Эўразьвяз, каардынацыя падтрымкі праз украінскую донарскую плятформу, наданьне дадатковай фінансавай падтрымкі ў памеры каля 50 мільярдаў даляраў да канца году за кошт даходаў ад замарожаных расейскіх актываў, частку якіх накіруюць на патрэбы абароны.
Падпісанты дэклярацыі заявілі, што сваёй калектыўнай падтрымкай рэканструкцыі і аднаўленьня Ўкраіны яны будуць гарантаваць, што Расея ня зможа дасягнуць сваіх мэтаў і што яны зробяць усё магчымае, каб гарантаваць, што пасьля заканчэньня вайны Ўкраіна будзе мець эканоміку, устойлівую ад расейскіх пагрозаў.
Падчас прыняцьця Сумеснай дэклярацыі выступілі прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, кіраўніца Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен, а таксама прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі, Італіі і Канады Кір Стармер, Джорджа Мэлёні і Джастын Трудо.
Байдэн падкрэсьліў, што дэклярацыю абнародавалі, каб прадэманстраваць падтрымку Ўкраіны цяпер і ў будучыні.
«Я поўны рашучасьці забясьпечыць, каб Украіна мела тое, што ёй трэба, каб выйграць і змагацца за сваё выжываньне. Заўтра я агучу шэраг дзеяньняў па паскарэньні падтрымкі ўкраінскіх вайскоўцаў», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Ён таксама падкрэсьліў, што краіны-партнэры дапамогуць Украіне перайсьці ад эканамічнай стабільнасьці да эканамічнага адраджэньня.
«ВУП Украіны стабільны і нават расьце. Абаронная прамысловасьць Украіны, выкаваная ў агні, у шэсьць разоў больш, чым год таму. Украіна экспартуе амаль столькі ж збожжа, колькі да вайны, і зноў корміць увесь сьвет», — прыводзіць словы Байдэна «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт ЗША абвясьціў, што сувэрэнныя актывы Расеі будуць заставацца замарожанымі да таго часу, пакуль Расея ня спыніць агрэсію супраць Украіны і не пакрые нанесеную ёй шкоду.
Зяленскі адзначыў, што дэклярацыя — гэта сумеснае абавязацельства спрыяць аднаўленьню Украіны. Яна прадугледжвае каардынацыю адпаведных намаганьняў праз Украінскую плятформу донараў. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што гэтая падтрымка павінная стаць адчувальнай ужо ў гэтым годзе.
«Гэта паказвае наш агульны погляд на жыцьцё — мы абараняем людзей і даем людзям магчымасьць жыць. І абсалютна апраўдана, што тыя, хто дапамагае нам цяпер выстаяць, першымі — разам з Украінай — выйграюць ад маштабнай рэканструкцыі», — падкрэсьліў ён.
Форум