Састарэлыя танкеры з так званага ценявога флёту, якія перавозяць расейскую нафту, пагражаюць узьбярэжжу Балтыйскага мора, гаворыцца ў дасьледаваньні Greenpeace (дакумэнт ёсьць у распараджэньні рэдакцыі Север.Реалии).
Экспэрты арганізацыі прааналізавалі зьвесткі пра рух суднаў за апошнія 4 гады. На іх думку, экспарт расейскай нафты з выкарыстаньнем старых суднаў ценявога флёту становіць значную пагрозу навакольнаму асяродзьдзю ўсяе Балтыкі, уключаючы Фінскі заліў, у якім яны пачынаюць свой шлях.
Пагрузка нафты адбываецца ў партах Ленінградзкай вобласьці і Пецярбургу ў непасрэднай блізкасьці ад ахоўных прыродных тэрыторыяў. Аварыя ў порце або пры праходзе па заліве, зь ягонымі мелямі і шчыльным рухам суднаў, як лічаць экспэрты, можа прывесьці да катастрафічнага ўзьдзеяньня на прыроду рэгіёну і паставіць пад пагрозу водазабесьпячэньне Санкт-Пецярбургу.
У Greenpeace лічаць, што нафтавая катастрофа ў Балтыйскім моры — гэта «пытаньне часу». Аналіз зьвестак паказаў, што колькасьць рэйсаў танкераў з сырой нафтай у Балтыцы значна павялічылася: цяпер там праходзіць на 70% больш танкераў, чым у студзені 2021 году. У 2023 годзе каля тысячы расейскіх танкераў з нафтай прайшлі на захад уздоўж узьбярэжжа Балтыкі, у сярэднім два-тры судны ў дзень. Пры гэтым экспэрты адзначаюць, што сярэдні ўзрост танкераў, якія выкарыстоўваюцца, вырас з 8,9 года ў 2021 годзе да 16,6 года ў 2024 годзе. Старыя танкеры схільныя да карозіі і зносу, што павялічвае імавернасьць аварыяў.
Раней пра рост пагрозы буйнога разьліву нафты з прычыны састарэлых танкераў ценявога флёту казалі ў памежнай службе Фінляндыі. Адзначалася, што аварыя з разьлівам нафты ва ўмовах Балтыйскага мора асабліва неспрыяльная з прычыны адноснага мелкаводзьдзя і далікатнасьці экалягічных сыстэмаў.
- Ценявы флёт — мера дзеля абыходу санкцыяў для краінаў, якім забаронена гандляваць нафтай або, як у выпадку Расеі, на гандаль накладзеныя абмежаваньні (у прыватнасьці, у выглядзе цэнавай столі). Паводле вызначэньня Эўрапейскай камісіі, у склад ценявога флёту ўваходзяць старыя судны, якія належаць невядомым уладальнікам або структурам, якія хаваюць бэнэфіцыяраў і якія ўдзельнічаюць у гандлі падсанкцыйнай нафтай з выкарыстаньнем розных абыходных мэтадаў. У асноўным гэта складаная сетка «фірмаў-пракладак», на якія рэгіструюцца судны.
- Паводле ацэнкі Atlantic Council, амаль тры чвэрці расейскіх паставак нафты ажыцьцяўляецца з выкарыстаньнем ценявога флёту. З дапамогай маніпуляцый зьвесткамі гэтыя судны хаваюць паходжаньне свайго грузу.
Форум