Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільцянін патлумачыў кантакты з іранскай выведкай: «У мяне жонка зь Беларусі, яе дорага ўтрымліваць»


Ерусалім, ілюстрацыйнае фота
Ерусалім, ілюстрацыйнае фота

Ізраільскі тэлеканал «Кан» апублікаваў дэталі з крымінальнай справы ізраільцяніна Моці Мамана, які абвінавачваецца ў працы на іранскую выведку.

73-гадовы бізнэсовец тлумачыў свае перамовы з іранцамі сваімі грашовымі патрэбамі — у прыватнасьці, казаў, што яму «дорага абыходзіцца ўтрымліваць жонку зь Беларусі».

Пра гэта піша ізраільскае выданьне Israelinfo.

«У мяне жонка зь Беларусі, яе дорага ўтрымліваць. Калі б я жыў у Беларусі, там усё танна, а тут выйсьці папіць піва каштуе 120 шэкеляў. Мне патрэбныя былі грошы, грошы мяне асьляпілі», — заявіў Маман.

Ён расказаў таксама, што іранцы не спадзяваліся забіць прэм’ера Біньяміна Нэтаньягу ці кагосьці зь міністраў, разумеючы, што іх моцна ахоўваюць, і высьвятлялі ў Мамана, ці нельга ўзарваць у аўтамабілі, напрыклад, мэра гораду Наарыі (Маман меў бізнэс у гэтым горадзе і, як падазраюць, быў зьвязаны зь мясцовым крыміналітэтам).

«Іранец пытаўся ў мяне, ці знаёмы я з мэрам Наарыі і ці гатовы я прывесьці ў дзеяньне бомбу, ад якой ён узьляціць у паветра. Яны хацелі нечага вялікага і гучнага, каб пра гэта казалі», — прызнаваўся бізнэсовец.

Ізраільская паліцыя і спэцслужбы заявілі, што сарвалі іранскую змову з мэтай забойства вышэйшых лідэраў, у тым ліку прэм'ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу.

Моці Маман, 73-гадовы ізраільскі бізнэсовец з гораду Ашкелён, абвінавачваецца ў тым, што двойчы кантрабандным шляхам прабраўся ў Іран праз Турэччыну, каб сустрэцца з супрацоўнікамі спэцслужбаў, якія кіравалі патэнцыйнымі змовамі з Тэгерану.

Дыскусіі нібыта ўключалі магчымыя пляны нападу на Нэтаньягу, міністра абароны Ёава Галянта, кіраўніка выведкі «Шын Бэт» Ронэна Бара і былога прэм'ер-міністра Нафталі Бэнэта.

Паліцыя і спэцслужба «Шын Бэт» заявілі, што меркаваныя змовы былі задуманыя ў якасці адплаты за забойства кіраўніка ХАМАСу Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране ў ліпені. У гэтым забойстве Іран абвінаваціў Ізраіль.

«Грамадзянін Ізраілю запатрабаваў перадаплату ў памеры 1 мільёна даляраў, перш чым учыніць якія-небудзь дзеяньні», — заявілі паліцыя і «Шын Бэт». Больш за палову гэтай сумы ён нібыта атрымаў, піша abcnews.go.com.

Ізраільскія спэцслужбы дапыталі і жонку зь Беларусі, пра якую казаў Маман. Яна прызналася, што ведала пра іранскія паездкі мужа і непакоілася з гэтай нагоды, а таксама паведаміла, што Маман пытаўся ў яе, ці ўпускаюць у Беларусь іранскіх грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG