Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зрабіць беларусак шчасьлівымі. Адказ для Качанавай


Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава на сустрэчы з моладзьдзю, 2022 год
Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава на сустрэчы з моладзьдзю, 2022 год

Я сяджу ў сваёй найманай кватэры ў Рызе і чытаю , як Натальля Качанава расказвае, што ў Беларусі створаныя ўсе ўмовы, каб кожная жанчына была шчасьлівая. І мне пашанцавала, што я магу гэта чытаць, бо больш за 150 палітзьняволеных беларускіх жанчын ня могуць сабе дазволіць такую раскошу.

Праўда, гэтыя словы могуць бачыць таксама іх сваячкі, што зьбіраюць перадачы, аплачваюць адвакатаў і знаходзяць псыхолягаў для дзяцей, якія пасьля зьняволеньня маці сталі мачыцца ў пасьцель, баяцца тэлефонных званкоў, грукату ў дзьверы, кепска сьпяць па начох і пэрыядычна пражываюць прыступы агрэсіі.

Цынічныя і несправядлівыя словы чыноўніцы могуць прачытаць маці палітзьняволеных і тых, хто вымушана зьехаў зь Беларусі. Гэтыя жанчыны ня ўпэўненыя, ці пасьпеюць яшчэ калі пабачыцца са сваімі дзецьмі, і я дакладна ведаю, што такія заявы ад чалавека, датычнага да рэпрэсій, іх моцна злуюць.

І так, я таксама хацела б быць шчасьлівай у Беларусі, але рэжым Лукашэнкі і людзі, якія яго абслугоўваюць, адабралі ў мяне такую магчымасьць. Гэты рэжым шмат у каго адабраў шчасьце, але жанчыны традыцыйна стаяць у першых шэрагах. І пакуль Качанава расказвае, што ў Беларусі створаныя ўсе ўмовы для шчасьлівага мацярынства, беларускія маці вымушаныя тлумачыць дзецям, як паводзіць сябе ў школе і на вуліцы, каб і яны — дзеці — ня сталі палітзьняволенымі.

Лукашэнка заўжды ганарыўся і хваліўся тым, што ў Беларусі няма вайны, але пры гэтым стварыў такія ўмовы, што людзям унутры краіны даводзіцца выжываць гэтак жа сама, як украінкам і ўкраінцам на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях. Качанава хваліцца, што Беларусь займае не найгоршыя пазыцыі ў розных міжнародных рэйтынгах, але ж мы ведаем, што ўлады проста ўмеюць гуляць у гэтую гульню і выконваюць «тэхнічныя» патрабаваньні, але пры гэтым правальваюцца па ўсім, што зьвязана зь бясьпекай і свабодай.

Калі асобна ўзятая жанчына ў Беларусі не ва ўладзе і пры гэтым адчувае сябе шчасьлівай, дык гэта ня дзякуючы высілкам дзяржавы, а насуперак усім перашкодам, якія тая стварае. Насуперак ціску на працы, вымушанай самацэнзуры, «дваядуму» і ўсім магчымым абмежаваньням. Насуперак таму, што за кратамі можна апынуцца за няўдалы лайк ці адзеньне не таго колеру.

Гэта ня ваша заслуга, Натальля, што жанчыны ў цяперашніх умовах знаходзяць у сабе сілы на шчасьце. Але вы можаце зрабіць так, каб і праўда было чым ганарыцца: угаварыце Лукашэнку адпусьціць жанчын з-за кратаў і не саджаць новых. Хай тыя, хто цяпер у СІЗА і калёніях, вернуцца да сваіх дзяцей, бацькоў і каханых, хай аднаўляюць здароўе і, калі захочуць, нараджаюць яшчэ дзяцей. Вас жа хвалюе дэмаграфія! Гэта абсалютна рэальны спосаб папрацаваць на яе карысьць.

Вы нічога ня страціце, але здабудзеце імідж чалавека, які сапраўды спрыяе жаночаму шчасьцю ў Беларусі. Станьце першай такой чыноўніцай, зламайце стэрэатыпы, прымусьце Беларусь запомніць вас менавіта ў такой ролі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG