Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў дазволіць Украіне ўдары ўглыб тэрыторыі Расеі

Пасяджэньне Эўрапарлямэнту. Ілюстрацыйнае архіўнае фота
Пасяджэньне Эўрапарлямэнту. Ілюстрацыйнае архіўнае фота

Эўрапейскі парлямэнт у чацьвер ухваліў рэзалюцыю, у якой заклікаў краіны ЭЗ зьняць абмежаваньні на прымяненьне Ўкраінай зброі, якая імі пастаўляецца, для ўдараў па законных вайсковых цэлях на тэрыторыі Расеі.

У падтрымку дакумэнту, які мае рэкамэндацыйны характар, выказаліся 425 дэпутатаў Эўрапарлямэнту, 131 быў супраць і 63 устрымаліся.

Як гаворыцца ў тэксьце рэзалюцыі, калі абмежаваньні ня будуць зьнятыя, Украіна ня зможа ў поўнай меры карыстацца сваім правам на самаабарону і застанецца ўразьлівай перад расейскімі атакамі, у тым ліку на цывільныя аб’екты. Таксама ў рэзалюцыі выказваецца занепакоенасьць у сувязі з падзеньнем аб’ёмаў вайсковай дапамогі Ўкраіне ад краін ЭЗ. У дакумэнце асобна зьмяшчаецца заклік паставіць Кіеву ракеты Taurus — Нямеччына неаднаразова адмаўлялася гэта рабіць.

Краіны — сябры ЭЗ і саюзьнікі па NATO, лічаць дэпутаты Эўрапарлямэнту, павінны «ўзяць на сябе абавязаньні падтрымліваць Украіну ў вайсковых адносінах, выдзяляючы ня менш як 0,25 працэнта свайго ВУП у год».

Таксама дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць пашырыць санкцыі, як у дачыненьні да Расеі і Беларусі, так і супраць Ірану і Паўночнай Карэі, — гэтыя краіны дэпутаты абвінавацілі ў пастаўках зброі Расеі. Таксама зьмяшчаецца заклік уключыць у санкцыйныя сьпісы больш кітайскіх грамадзян і кампаній у сувязі зь іх роляй у абыходзе санкцый. У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра неабходнасьць падрыхтаваць прававую базу для канфіскацыі расейскай дзяржаўнай уласнасьці ў краінах ЭЗ. У санкцыйны сьпіс прапануецца ўнесьці «Газпрам», таксама прапануецца забараніць закупкі ў Расеі звадкаванага прыроднага газу і ядзернага паліва. Падобныя ініцыятывы Эўрапарлямэнт выказваў ужо ня раз, але пакуль гэтыя санкцыі ўведзеныя не былі.

Як адзначае «Настоящее время», шэраг краін Эўропы раней дазволілі Ўкраіне выкарыстоўваць пастаўленую імі зброю для нанясеньня ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах Жузэп Бурэль заявіў, што кожная краіна Эўразьвязу будзе самастойна прымаць рашэньне аб зьняцьці абмежаваньняў на ўдары па Расеі, бо ня ўсе пастаўляюць Кіеву дальнабойную зброю. Асноўныя дэбаты, аднак, цяпер ідуць аб выкарыстаньні дальнабойных ракет, пастаўленых Украіне ЗША і Вялікай Брытаніяй — абедзьве гэтыя краіны не ўваходзяць у ЭЗ.

У Маскве на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту адрэагаваў кіраўнік Дзяржаўнай Думы Вячаслаў Валодзін, які заявіў, што «тое, да чаго заклікае Эўрапарлямэнт, вядзе да сусьветнай вайны з выкарыстаньнем ядзернай зброі», і адзначыў, што «да Страсбурга падлётны час ракеты „Сармат“ — 3 хвіліны 20 сэкундаў».

  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней сьцьвярджаў, што ў выпадку, калі краіны NATO дазволяць Украіне ўдары па Расеі дальнабойнай зброяй, NATO апынецца фактычна ў стане вайны з Расеяй.
  • Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг адзначыў, што Пуцін і раней пагражаў у выпадку перасячэньня так званых «чырвоных ліній», але гэтыя пагрозы не матэрыялізаваліся, і падкрэсьліў, што сам па сабе дазвол не азначае ўдзелу NATO ў вайне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG