У пасьце выдавецтва адзначае, што зьвяртаецца па дапамогу ўпершыню больш як за 30 гадоў працы, і просіць чытачоў паспрыяць распродажу накладаў кніг.
«Шаноўныя нашы сябры і чытачы! Больш як за 30 гадоў працы мы ў вас амаль ніколі нічога не прасілі: рабілі сваю справу — то з усьмешкай і радасьцю, то сьціснуўшы зубы. Але такая нагода здарылася.
На пачатку году „Тэхналёгія“ ўклала шмат грошай у выданьне кніг. Але наклады зьявіліся ў продажы пазьней, чым мы плянавалі. Не, цудоўныя кнігі Андрэя Скурко, Надзеі Ясьмінскай, Тацяны Сапегі ўсё ж пабачылі сьвет, але, на жаль, пік сэзону продажаў прайшоў і наклады падвісьлі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Выдавецтва адзначае, што да канца верасьня мусіць зарабіць сама меней 30 тысяч рублёў, каб «неўзабаве выдаць прыгожы каляндар, фэнтэзі для падлеткаў, маляўнічую кнігу казак і яшчэ некалькі кніг, якія дакладна спадабаюцца нашым чытачам».
«Выдавецтва ня просіць у вас грошай, мы прапануем забраць тое, што належыць вам: кнігі на роднай мове — для дзетак, юнакоў, дарослых», — адзначаюць у выдавецтве.
Купіць кнігі выдавецтва можна на сайце tn.by або ў краме выдавецтва ў Менску па адрасе Ляўкова, 19. Падрабязьней чытайце па спасылцы.
Навукова-вытворчая кампанія «Тэхналёгія» — недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 1988 годзе. Выдае мастацкую, навуковую і навукова-папулярную літаратуру, кнігі для дзяцей, навучальныя дапаможнікі, слоўнікі і даведнікі, нотныя кнігі, мэмуары, коміксы і інш. У асноўным у каталёгу выдавецтва кнігі на беларускай мове, ёсьць некалькі выданьняў на ангельскай і расейскай мовах.
Форум