Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго небясьпечная Марыя Калесьнікава


Марыя Калесьнікава ў турэмнай бальніцы, 2022 год
Марыя Калесьнікава ў турэмнай бальніцы, 2022 год

Калесьнікавай баіцца рэжым, Калесьнікавай баяцца дэмакратычныя сілы — абедзьве пазыцыі мне цяпер цяжка ацаніць інакш, як звычайнае трызьненьне. Перш чым казаць нешта такое, узгадайце, калі ласка, што на вуліцы 2024 год.

Марыя ў зьняволеньні чатыры гады. Вялікую частку гэтага тэрміну яна правяла ў адзіночнай камэры амаль у татальнай ізаляцыі. Падоўгу яе адзіным «суразмоўцам» можа заставацца супрацоўнік, які ставіць ежу ў кармушку. Вядома, мне таксама хацелася б думаць пра Марыю Калесьнікаву як пра лідэрку рэвалюцыі, якая яшчэ ўсім пакажа, але давайце шчыра — гэта ў мінулым. Цяпер Марыя Калесьнікава — гэта зьнясіленая жанчына вагой 45 кіляграмаў пры росьце 175 сантымэтраў, якая, хутчэй за ўсё, мае праблемы з маўленьнем праз доўгую ізаляцыю.

Такое наступства часта назіраецца ў людзей, якія доўгі час былі ў «адзіночцы». Яны быццам бы патроху развучваюцца размаўляць. Расейскі праваабаронца Ўладзімір Кара-Мурза пасьля вызваленьня некалькі разоў перапытваўся, ці мае сэнс тое, што ён кажа. Улічваючы іншыя праблемы са здароўем у Марыі, мы можам зрабіць выснову, што ёй яшчэ горш.

Дарэчы, тым, хто думае, што Калесьнікава выйдзе з турмы і будзе бадзёра раздаваць інтэрвію і ладзіць прэс-канфэрэнцыі, я таксама раю падумаць лепей. Умовы, у якіх яна цяпер, бліжэйшыя да таго, у якіх умовах утрымліваюцца ўкраінскія ваеннапалонныя, чым да таго, як сядзелі ў Расеі вызваленыя нядаўна апазыцыйныя палітыкі.

Калесьнікавай трэба мэдычная дапамога, сацыяльная рэабілітацыя і надзея, што аднойчы яна будзе ў парадку. І калі мы працягваем маляваць зь яе вобраз «герояў, якія не паміраюць», мы ёй, баюся, дужа шкодзім.

Мы бачым па людзях, якія ўжо выйшлі зь беларускай турмы і якія сядзелі там у нашмат мякчэйшых умовах, як зьняволеньне зруйнавала іх здароўе. Сарваныя сьпіны, кепскі зрок, слабы імунітэт, праблемы са скурай і зубамі — гэта актуальна для ўсіх. Апушчэньне маткі, зруйнаваны мэнструальны цыкл, хранічныя цыстыты і іншыя праблемы з рэпрадукцыйнай сыстэмай — гэта дадатковы жаночы набор. У рэпрэсій жаночы твар, жаночы боль і жаночая кроў.

У кагосьці ўжо ніколі ня будзе дзяцей, і шмат для каго гэта будзе трагедыяй. Некаторыя жанчыны і не плянавалі (больш) нараджаць, але праблемы з рэпрадукцыйным здароўем ня зводзяцца да страты пэўных функцый. Гарманальны дысбалянс, хранічныя запаленьні і боль псуюць жыцьцё ўсім безадносна плянаў на мацярынства.

Як шмат рэжым адабраў у Марыі Калесьнікавай? Скласьці поўны сьпіс не атрымаецца, бо ён працягвае расьці, дый няма ў нас поўных зьвестак пра яе цяперашняе здароўе. Страты мы разам зь ёю яшчэ падлічым пазьней, цяпер жа ёй трэба проста выжыць, а для гэтага — выйсьці з турмы.

Ня трэба казаць, што яна камусьці небясьпечная. Трэба дабівацца яе вызваленьня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG