Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе»: «Без імпэрскай оптыкі». Як масквіч расказвае расейцам пра гісторыю Беларусі


Андрэй Аксёнаў
Андрэй Аксёнаў

Расейскі папулярызатар гісторыі Андрэй Аксёнаў стварыў аўдыёсэрыял пра гісторыю Беларусі, які можа спадабаецца беларусам. Гаворка пра беларускі сэзон падкасту «Закат імпэрыі». У ім 10 частак, якія прысьвечаныя падзеям і асобам пачатку XX стагодзьдзя.

У падкасьце Аксёнаў расказвае пра Вільню ў беларускай гісторыі, беларускую дзейнасьць Магдалены Радзівіл, «краёвыя ідэі» Рамана Скірмунта, рэвалюцыю 1905 году ў Беларусі, Марка Шагала. У сацсетках беларусы хваляць гэты падкаст за нязвыклы для Расеі погляд на беларускую гісторыю.

«Нам удалося зрабіць падкаст без імпэрскай оптыкі. Падкаст „Закат імпэрыі“ прызначаны найперш для расейцаў, якія слухаюць падкасты на расейскай мове. Хацелася пазьбегнуць таго моманту, што масквіч ізноў расказвае па-расейску гісторыю Беларусі беларусам. Такога кантэнту было даволі шмат. Рэакцыяй расейскай аўдыторыі было зьдзіўленьне, што яны ўвогуле нічога ня ведаюць, што там адбывалася».

0:50 — навошта «паренёк из Москвы» пачаў расказваць расейцам гісторыю Беларусі?

03:58 — як расейцу ўдалося паглядзець на Беларусь без імпэрскай оптыкі?

6:45 — як расейцы ўспрынялі беларускі сэзон падкасту

9:57 — ці былі ў Расеі раней неімпэрскія гістарычныя прадукты пра Беларусь

14:08 — ці не вінавацілі «Закат імпэрыі» ў нацыяналізьме

16:30 — чаму расейскае грамадзтва цяжка ўспрымае гісторыю сваіх суседзяў, напісаную не расейцамі

20:51 — па якой прыкмеце падбіраліся тэмы для кожнай сэрыі падкасту

25:01 — што шакавала аўтара падкасту ў новым поглядзе на беларускую гісторыю?

27:30 — ці ў стане «Закат імпэрыі» зьмяніць погляд расейцаў на Беларусь, ці гэта нішавы прадукт

29:30 — ці рэальна, каб расейцы ўспрымалі гісторыю Беларусі без імпэрскай оптыкі

34:32 — ці здольны новы погляд на гісторыю зьмяніць Расею

  • «У Расеі практычна няма ніякага ўяўленьня пра Беларусь. Ніхто ня мае пра яе паняцьця і ўспрымае Беларусь як нешта падобнае да Тамбоўскай вобласьці. Ніхто ня ведае пра гісторыю Беларусі. Ніхто не разумее, што такое Вялікае Княства Літоўскае або Рэч Паспалітая. Нават у чаце падкасту трэба было тлумачыць, што Вільня не ўваходзіла ў склад Польшчы, а ў склад Рэчы Паспалітай, і што Польшча і Рэч Паспалітая — гэта розныя рэчы. Але калі пра Полацкае княства і ВКЛ у Расеі хоць нешта маглі чуць, то гісторыя беларускіх земляў у XX ст. пакрытая смугою».
  • «Калі я скончыў школу ў Маскве, то ў мяне былі даволі імпэрскія ўяўленьні, што былі браты-беларусы, якіх скарылі палякі, а мы, масквічы, іх вызвалілі і дружна жывем. Калі мінуў час, мне стала цікава, што такое ВКЛ, што там адбывалася. Гэта ж быў альтэрнатыўны шлях разьвіцьця ўсходнеславянскіх плямёнаў, не пад ігам, а ў бок Эўропы. І калі ты пачынаеш усё гэта вывучаць, ты разумееш, што ты ўвогуле мала што ведаеш. Што такое Літва і хто тыя людзі, якія называюць сябе літвінамі? Усё пачынаецца з такіх базавых рэчаў».
  • «У 2024 годзе, калі ідзе вайна ва Ўкраіне, мы бачым, да чаго прыводзяць думкі, што недзе жывуць браты, якіх Захад зрабіў рабамі, і што трэба іх вярнуць. Гэта вельмі небясьпечна, найперш для расейцаў. Хочацца даваць людзям іншую оптыку, іншы погляд. Што ня ўсё аднолькавае па розныя бакі мяжы ці нават паміж рознымі народамі. Ва ўсіх свая культура і свая гісторыя. Цяпер гэта важна, як ніколі да гэтага».

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG