Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі апазыцыянэр Кара-Мурза закрануў тэму беларускіх палітвязьняў на сустрэчы з Макронам


Уладзімір Кара-Мурза
Уладзімір Кара-Мурза

Тэму палітвязьняў у Беларусі закрануў падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам расейскі апазыцыйны дзеяч, які 1 жніўня быў вызвалены ў рамках маштабнага абмену вязьнямі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю. Пра гэта сам Кара-Мурза напісаў у сваім тэлеграм-канале.

«Гаварылі пра вайну, пра падтрымку Ўкраіны, пра важнасьць дыялёгу Эўропы з расейскім грамадзтвам і пра палітвязьняў, якіх трэба выцягваць з турмаў Расеі і Беларусі. Удзячны прэзыдэнту за грунтоўную і сур’ёзную размову», — зазначыў ён.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сустрэўся з Уладзімірам Кара-Мурзом і ягонай жонкай Яўгеніяй 9 верасьня, паведамляецца на сайце Елісейскага палацу.

У прэс-рэлізе францускага боку беларускія палітвязьні ня згадваюцца.

«Прэзыдэнт Рэспублікі пацьвердзіў падтрымку Францыяй усіх абаронцаў правоў чалавека і свабоды выказваньня думак. Ён таксама зазначыў, што Францыя ўважліва сочыць за становішчам палітвязьняў у Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Былы палітвязень Уладзімір Кара-Мурза быў вызвалены 1 жніўня ў рамках маштабнага абмену зьняволенымі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю. У Расеі Кара-Мурза адбываў 25-гадовы тэрмін праз абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе, супрацоўніцтве зь непажаданай арганізацыяй і распаўсюджваньні недакладнай інфармацыі аб расейскім войску. Ён і ягоныя прыхільнікі ўпэўненыя, што яго перасьледавалі выключна за палітычную і грамадзянскую пазыцыю.

  • Раней Кара-Мурза таксама ўздымаў тэму беларускіх палітвязьняў падчас сустрэчы 3 верасьня з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам.
  • Пра вызваленьне беларускіх палітвязьняў раней таксама выказваўся расейскі палітык Ільля Яшын, які таксама стаў удзельнікам вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду. Ён заявіў, што «гэта нашыя агульныя людзі» і чужых палітвязьняў няма.
  • Па стане на 11 верасьня ў Беларусі 1352 палітвязьні, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў, можа быць большая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG