Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрмін замест дапамогі. Як караюць беларускіх падлеткаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

15-гадовую беларуску адправілі на два гады ў спэцвучэльню, бо яна абразіла міліцыянта. Я прачытала гэтую навіну некалькі разоў, бо нешта ўсё ж не дазваляла паверыць, што гэта праўда — дзіцяці даюць два гады аналягу дарослай «хіміі» за негвалтоўныя дзеяньні.

Адразу адзначу: я ня думаю, што на абразы каго заўгодна трэба цалкам заплюшчваць вочы. Але калі падлетак кажа нешта непрыемнае ці нават абразьлівае пра міліцыянта, гэта дакладна не нагода для такога жорсткага пакараньня.

І ці мусіць быць пакаранне ўвогуле? Я ня ведаю матэрыялаў гэтай канкрэтнай справы, але лёгка ўяўляю, што дзяўчыне, напрыклад, патрэбная псыхалагічная ці юрыдычная дапамога. А можа, такая дапамога трэба ўсёй сям’і. Ці падлетку трэба такія міліцыянты побач, якіх не захочацца абражаць.

Мы ж бачылі гэтыя гісторыі безьліч разоў — сілавікі ці іншыя прадстаўнікі ўлады парушаюць закон, людзі рэагуюць на гэта звычайнай лаянкай, бо фактычна ня маюць іншых інструмэнтаў, і злачынцам у выніку лічыцца той, хто яскрава выказаў эмоцыі, а ня той, хто біў пратэстоўцаў. Мы з гэтым ужо быццам і звыкліся, але калі справа тычыцца дзяцей, гэта неяк асабліва ўражвае.

Вось адправілі гэтае дзяўчо на два гады ў спэцвучэльню. І што, пасля гэтага яна запаважае ці нават палюбіць міліцыянтаў? У гэтых умовах яна лепей сацыялізуецца? Вядома ж, не — усё будзе акурат наадварот. Замест звыклага і прадказальнага жыцьця дома ў яе будзе адбываньне пакараньня ва ўмовах «ваўчынай зграі» — яна будзе вучыцца жорсткім герархіям, канчаткова страціць веру ў дарослых і будзе яшчэ зьлейшай. Бо дарослыя, замест таго каб ёй дапамагчы і падтрымаць, адправілі яе ў спэцвучэльню. Калі яна нікога не пабіла і не забіла.

Гэтая гісторыя ёсьць яскравым адлюстраваньнем таго, як у Беларусі замест сыстэмы дзяржаўнай дапамогі працуе сыстэма дзяржаўнага пакараньня. Гэта ж не выпадковасьць, а тэндэнцыя: ня можаш справіцца з праблемай — атрымай яшчэ новую.

Не атрымліваецца зрабіць у хаце рамонт, бо ў тваёй вёсцы няма працы больш, як на мінімалку? Дзяржава адбярэ дзіця. Цяжка сацыялізуесься ў падлеткавым узросьце? Едзь у спэцвучэльню. Там цябе заадно і апрацуюць ідэалягічна, бо ім трэба не каб табе стала лепей, а каб ты стала зручнейшай для сыстэмы.

Пра якое апрацоўваньне ідзе гаворка? Вось пра што пішуць у апошніх артыкулах на сайце магілёўскай спэцвучэльні №2: сувораўцы з Санкт-Пецярбургу прыехалі ў госьці, бо цяпер адзначаецца 80-годзьдзе вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годзьдзе вызваленьня Ленінграду ад фашысцкай блякады; навучэнцы з Магілёва паўдзельнічалі ва ўсерасейскіх футбольных спаборніцтвах, наведалі перасоўны «цягнік перамогі» і разам з дырэктарам адправіліся ў аднадзённы сплаў па рацэ Проня, уздоўж якой падчас Другой сусьветнай вайны ішлі баі.

Вось што атрымліваюць так званыя «цяжкія» падлеткі замест працы з псыхолягам, замест валянтэрства ў прытулку для жывёлаў і сустрэч з пасьпяховымі людзьмі. Дзякуй, што хоць на вайну іх не адпраўляюць. Хоць, мяркуючы на зацыкленасьці на Другой сусьветнай, гэта можа быць проста пытаньнем часу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG