Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 7-гадовай даўнасьці і рэкляма крыптавалюты. Што адбываецца зь некалі папулярнымі сайтамі зачыненых СМІ і НДА


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Беларуская дзяржава пачала адбіраць дамэны ў «экстрэмісцкіх рэсурсаў» яшчэ ў 2023 годзе. Глядзім, да чаго гэта прывяло і што цяпер з папулярнымі некалі парталамі.

Яшчэ ў сьнежні 2023 году Апэратыўна-аналітычны цэнтар — рэгулятар у сфэры інфармацыі і сувязі ануляваў рэгістрацыю дамэнных імёнаў, зьвязаных з парталам Tut. by, а таксама само дамэннае імя tut. by.

Падставай для гэтага стала тое, што ўладальнік дамэннага імя не наведаў офіс рэгулятара асабіста і не паведаміў пра зьмену асабістых дадзеных. Якія, дарэчы, не мяняліся. А раней уся працэдура з дакумэнтамі для рэгістрацыі ці перарэгістрацыі адбывалася онлайн.

Па такім жа прынцыпе дамэн адабралі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў (Baj. by). Цяпер сайт асацыяцыі працуе пад імем baj. media.

З красавіка гэтага году рэгулятар ААЦ пачаў забіраць дамэнныя імёны проста таму, што СМІ ўнесьлі ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Так сваіх дамэнаў у зоне. by пазбавіліся парталы reform. by (цяпер reform. news), mediazona. by (цяпер mediazonaby. com), media-polesye. by (цяпер Media-Polesye. cоm).

Агулам, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, толькі сярод СМІ беларуская дзяржава ў асобе ААЦ пазбавіла дамэнаў больш за 10 рэдакцый. Дамэн — гэта адрас, на якім знаходзіцца сайт. Беларускі рэгулятар мае доступ да адрасоў у нацыянальнай дамэннай зоне «by» ці «бел». Калі дамэн мяняецца, то рэгулятар ААЦ больш ня можа зь ім нічога зрабіць, апроч блякаваньня ў Беларусі.

Як гэта магчыма — заканадаўча і тэхнічна

У Беларусі адміністратар нацыянальнай дамэннай зоны — Апэратыўна-аналітычны цэнтар. Тэхнічны адміністратар — becloud (з 2022 году). То бок ААЦ адказвае за правілы гульні, а тэхнічны адміністратар падтрымлівае базу дадзеных і іншыя тэхнічныя рашэньні. Пра гэта Свабодзе расказвае экспэрт Human Constanta.

«Няма нейкай канвэнцыі ці міжнароднага дакумэнту, як раздаваць дамэнныя імёны. Ёсьць міжнародная некамэрцыйная арганізацыя ICANN, якая каардынуе дзейнасьць, яны ж каардынуюць дзейнасьць па нацыянальных зонах. Аднак паўнамоцтвы тут перададзеныя нацыянальным адміністратарам, як той жа ААЦ. Нейкіх забаронаў для нацыянальных адміністратараў няма», — кажа экспэрт.

Беларуская асацыяцыя журналістаў спрабавала зьвяртацца ў арганізацыю ICANN, але там адказалі, што фактычна нічога зрабіць ня могуць. Арганізацыя няўрадавая і не зьяўляецца нейкім кантралюючым органам для нацыянальных адміністратараў.

«Нейкага рэгуляваньня на міжнародным узроўні, нейкіх пагадненьняў няма. Група ICANN недзяржаўная, яна выконвае рэгістрацыйна-каардынацыйныя функцыі, яна ня можа загадаць нейкай дзяржаве. У іх няма паўнамоцтваў адабраць у беларускай дзяржавы права на дамэннае імя. Таму беларускія ўлады гэтым карыстаюцца і займаюцца свавольствам», — тлумачыць юрыст БАЖ Алег Агееў.

Што цяпер з адабранымі дамэнамі

Абсалютная большасьць дамэнаў, якія ў СМІ адабрала беларуская дзяржава, цяпер проста не працуюць. Сайты не адкрываюцца. Так адбываецца з tut. by, baj. by, intex-press. by, rebenok. by і afisha. by (два апошнія належалі Tut. by) ды іншымі.

Пры гэтым усе яны значацца як занятыя, яны маюць уладальніка і не прадаюцца. Паводле экспэрта з Human Constanta, выкарыстоўваць дамэны можа быць нявыгадным, бо іх трэба выводзіць са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Няма працэдуры аўтаматычнага выбыцьця са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі было мэдыя, а цяпер там сайт пра коцікаў — гэта ня значыць, што рэсурс перастаў быць экстрэмісцкім. Трэба выводзіць дамэннае імя са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, павінна быць нейкае рашэньне», — кажа экспэрт.

То бок адна справа — выкупіць дамэннае імя і зрабіць там нешта новае, а іншая — уступіць у камунікацыю зь дзяржаўнымі органамі і вывесьці рэсурс зь ліку экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Бывае і так, што дзяржава не адбірала партал у СМІ, а ім проста перасталі карыстацца. Напрыклад, так адбылося зь вядучым навінавым рэсурсам naviny. by і сайтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН пасьля перасьледу каманды. Частку каманды прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, а ўладальнік рэсурсу пасьля сканчэньня тэрміну выкарыстаньня адрасоў у 2022 годзе перадаў іх праз аўкцыён іншай арганізацыі. Цяпер на сайце Naviny. by вісіць бэкап матэрыялаў за 2017 год, а на сайце Belapan. by — нейкі новы навінавы праект з ухілам у крыптавалюту.

На сайце грамадзкай арганізацыі «Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі» — сайт казіно.

У ліпені гэтага году ўжо новы сайт арганізацыі https://oeec.ngo беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У чым шкода

Калі ў партала адбіраюць дамэннае імя, то гэта страта аўдыторыі і пазнавальнасьці, мяркуе суразмоўца з Human Constanta.

«Дамэннае імя, як і іншыя актывы мэдыя, — гэта пазнавальнасьць. Дамэннае імя мае рэйтынг у Google. Калі яно доўга ва ўжываньні, то ў выдачы ў пошукавіку такое дамэннае імя ў добрай пазыцыі», — кажа экспэрт.

Цяпер, згодна з новымі правіламі, якія дзейнічаюць з красавіка, ААЦ можа адабраць дамэннае імя зоны. by у любога рэсурсу, чыя прадукцыя лічыцца экстрэмісцкай. Сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі займае 1192 старонкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG