Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рэжысэрка прэзэнтуе сваю пастаноўку на найбуйнейшым эўрапейскім тэатральным фэстывалі


Эдынбург, Шатляндыя. Ілюстрацыйнае фота
Эдынбург, Шатляндыя. Ілюстрацыйнае фота

Фэстываль тэатральнага мастацтва Edinburgh Festival Fringe адбудзецца ў Шатляндыі 1–11 жніўня.

Незалежная тэатральная кампанія Withintheatre, якую заснавала рэжысэрка і акторка зь Беларусі Соф'я Барысевіч, бярэ ўдзел у адным з найбуйнейшых фэстываляў тэатральнага мастацтва Edinburgh Festival Fringe у Шатляндыі з пастаноўкай «1984» паводле Джорджа Оруэла.

Як паведаміла выданьне Reform.news, фэстываль адбудзецца 1-11 жніўня, а пастаноўку пакажуць на пляцоўцы Summerhall. У спэктаклі занятыя акторы зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

«З дапамогай фізычнага тэатру мы ажыўляем гэтую магутную гісторыю, падкрэсьліваючы небясьпеку бескантрольнай улады і важнасьць захаваньня праўды і свабоды ў грамадзтве», — адзначаецца ў анонсе пастаноўкі.

Беларуска Соф'я Барысевіч эмігравала ў Вялікую Брытанію ў 2016 годзе. Яна скончыла Кембрыдзкую школу візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, Каралеўскую цэнтральную школу сцэнічнай мовы і драмы і заснавала Withintheatre. Соф'я паставіла некалькі спэктакляў у Вялікай Брытаніі і за мяжой. Нядаўна беларускую рэжысэрку адзначылі адмысловай англійскай прэміяй Global Talent Visa за яе рэжысэрскую працу.

Edinburgh Festival Fringe зьяўляецца найбуйнейшым у Эўропе фэстывалем тэатральнага мастацтва. Ён праводзіцца з 1947 году, а ў праграме звычайна паказваюць тэатральныя, камэдыйныя, музычныя, танцавальныя і дзіцячыя пастаноўкі. Асаблівасьцю фэстывалю зьяўляецца ягоная адкрытасьць для ўдзельнікаў — на ім няма адборачнай камісіі, а гэта азначае, што ўдзельнічаць пры жаданьні можа любы творца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG