Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў мэдаль у гонар Ларысы Геніюш. Каму яго будуць уручаць


Так выглядае мэдаль Няскораных (мэдаль Ларысы Геніюш)
Так выглядае мэдаль Няскораных (мэдаль Ларысы Геніюш)

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі заснаваў новую ўзнагароду — мэдаль Няскораных (Ларысы Геніюш). Яго будуць уручаць за заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды.

Адпаведную пастанову аб заснаваньні мэдаля падпісала 30 ліпеня кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская.

Мэдаль будуць уручаць беларускім і замежным грамадзянам, якія сваёй актыўнай дзейнасьцю «спрыялі абароне і ўмацаваньню ў Беларусі ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека, разьвіцьцю беларускай грамадзянскай супольнасьці або праявілі асабістую адвагу, стойкасьць і ахвярнасьць у дзейнасьці на карысьць прасоўваньня ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека», паведамляе прэс-служба АПК.

Адзін чалавек можа атрымаць гэтую ўзнагароду толькі аднойчы. Мэдалём могуць узнагародзіць пасьмяротна.

«Асоба, у гонар якой назвалі мэдаль, Ларыса Геніюш, — сапраўдная беларуская гераіня, якая ніколі не схіліла галаву перад чэкістамі, выжыла ў лягерах, не прыняла савецкага грамадзянства і ахвяравала асабістым шчасьцем дзеля радзімы, — заявіла прадстаўніца АПК у нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык. — Захапляюся нашымі суайчыньнікамі, якія сёньня працягваюць яе справу. Вельмі важна адзначыць дасягненьні нязломных беларусаў — тых, для каго правы чалавека — найвышэйшая каштоўнасьць».

На адным баку мэдаля — партрэт Ларысы Геніюш, на другім — надпіс «Жыць для Беларусі» і птушка, якая ляціць. АПК адзначае, што надпіс — фрагмэнт верша паэткі, які сымбалізуе яе «непахіснасьць і вернасьць нацыянальным і дэмакратычным ідэалам, фактычна яе запавет наступным пакаленьням беларусаў». Птушка зьяўляецца сымбалем «свабоды, надзеі на вызваленьне і перамогі над прыгнятальнікамі».

  • Творчасьць Ларысы Геніюш (1910–1983) стала вядомай у Беларусі падчас кароткага пэрыяду нацыянальнага адраджэньня ў 1990-х гадах.
  • З 1935 году і да арышту савецкімі спэцслужбамі ў 1948-м Ларыса Геніюш працавала ва ўрадзе БНР у Празе. Была ў зьняволеньні спачатку ў Чэхіі, потым у сталінскіх лягерах — ёй паставілі ў віну супрацоўніцтва з нацыстамі. Выйшла на волю ў 1956 годзе. Не была рэабілітаваная, нягледзячы на некалькі запытаў грамадзкасьці на гэты конт. Памерла ў Беларусі.
  • У жніўні 2023 году ўлады прызналі «Выбраныя творы» Ларысы Геніюш 2000 году выданьня «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG