Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне: У Беларусі і ва Ўкраіне скаардынавана праводзяць інфармацыйныя кампаніі ў інтарэсах Расеі


Мікрафоны з лягатыпамі дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Мікрафоны з лягатыпамі дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Кіеве прадставілі вынікі дасьледаваньня «Уварваньне ў сьвядомасьць: 2 гады зламысных інфармацыйных апэрацый ва Ўкраіне і Беларусі». Яго правялі грамадзкая арганізацыя «Інтерньюз-Україна» супольна з тэхналягічнай кампаніяй LetsData.

Ва Ўкраіне і Беларусі яшчэ перад расейскім ваенным уварваньнем пачалі дзейнічаць інфармацыйныя каналы, якія прасоўвалі агульныя наратывы ў інтарэсах Расеі.

«Падвойны фокус на Ўкраіне абумоўлены неабходнасьцю аналізу шматбаковых стратэгій расейскіх інфармацыйных апэрацый, якія, нягледзячы на агульныя мэты, выяўляюць нюансы ў падыходах, адаптаваных да розных палітычных і сацыяльных кантэкстаў кожнай краіны», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

Паводле яго аўтараў, для Ўкраіны «бітва зьяўляецца экзыстэнцыйнай, абароннай для дэмакратыі і тэрытарыяльнай цэласнасьці ад адкрытых і схаваных замахаў Расеі». «Што тычыцца Беларусі, то дынаміка фармуецца саўдзелам яе рэжыму ў садзейнічаньні інфармацыйным наступам Расеі, што ставіць пад пагрозу яе сувэрэнітэт дзеля захаваньня статус-кво», — патлумачылі дасьледнікі.

«Адначасова Беларусь апынулася ў пастцы гэтай сеткі дэзынфармацыі, зьяўляючыся і каналам, і мішэньню для расейскіх апэрацый уплыву. Нягледзячы на тое, што Беларусь не зьяўляецца полем прамой бітвы, стратэгічнае значэньне Беларусі для Расеі і яе аўтарытарны альянс у часе рэжыму Лукашэнкі зрабілі яе крытычным вузлом у пашырэньні наратываў, накіраваных на дэстабілізацыю Ўкраіны. Гэтыя апэрацыі выкарыстоўваюць мэдыяляндшафт і лічбавую інфраструктуру Беларусі для распаўсюду прарасейскай дэзынфармацыі, і такім чынам спрыяюць больш шырокай кампаніі супраць украінскага сувэрэнітэту», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

Паводле падлікаў дасьледнікаў, за два гады 268 «інфармацыйных каналаў-зламысьнікаў» распаўсюдзілі больш за 2,2 мільёна публікацый у дзьвюх краінах (пераважна праз плятформу Telegram). Іх аналіз выявіў прыкметы скаардынаваных зламысных інфармацыйных апэрацый, якія перасьледуюць наступныя мэты:

  • апраўданьне вайны Расеі супраць Украіны (як папярэджаньне імаверных пагроз з боку Украіны або NATO; паказ Расеі і Беларусі як ахвяр з боку заходніх дэмакратый),
  • аслабленьне падтрымкі Ўкраіны (паказваньне украінскага ўраду і асабліва прэзыдэнта Ўладзіміра як аўтарытарнага, карумпаванага і нязграбнага кіраўніка, каб яго дэлегітымізаваць і зьменшыць міжнародную дапамогу),
  • паказ Украіны як дзяржавы, якая не адбылася (асьвятленьне карупцыі і адміністрацыйных памылак, якія ставяць пад сумнеў жыцьцяздольнасьць Украіны як незалежнай дзяржавы, абвінавачаньні кіраўніцтва краіны ў дыскрымінацыі меншасьцяў і парушэньні правоў чалавека, асабліва на мову і культуру),
  • скасаваньне санкцый (акцэнт на шкодзе санкцый супраць Расеі найперш для заходніх краін і зьніжэньне эканамічнага ціску на Расею),
  • разбурэньне дэмакратычнага сьветапарадку (абвінавачаньні ЗША і эўрапейскіх краін у наўмысным зацягваньні вайны дзеля ўласнай выгады, ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы іншых краін і навязваньні ім сваіх мадэляў кіраваньня, а таксама стварэньне вобразаў ЭЗ і NATO як арганізацый, якія няздольныя падтрымліваць сваіх чальцоў і праводзіць узгодненую палітыку).

У дасьледаваньні сярод плятформаў, якія ў Беларусі прасоўваюць расейскую прапаганду, назвалі telegram-каналы дзяржаўных СМІ, а таксама блогераў, якія падтрымліваюць Лукашэнку і Крэмль — #MYBelarus, BYVPO, BelVestnik, Lukashenko Our President, ME/WE SWAT, Petraschko Online, BelVestnik, Azaronok, STV, Belarus, Nasha Zemlia, Otriad Kovpaka і Vladimir Rogov.

У беларускім сэгмэнце Facebook знайшлі профілі, зьвязаныя зь невядомымі прарасейскімі грамадзянамі (Сяргей Ханіпаў, Эрыка Грышчанка, Алег Васільеў), а на YouTube зламысны кантэнт у Беларусі распаўсюджваюць дзяржаўныя тэлеканалы і пракрамлёўскія журналісты і блогеры, якія працуюць у Беларусі — Жан Содэль, Антон Шабашоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG