Выкіды забруджвальных рэчываў ад прадпрыемстваў у атмасфэру ў Беларусі растуць 4 гады запар, паведамляе сайт беларускіх дасьледаваньняў Thinktanks.by.
Паводле зьвестак Белстату, у атмасфэру Беларусі ў 2023 годзе са стацыянарных крыніц (гэта значыць не аўтамабіляў) трапіла 489,5 тысяч тон забруджвальных рэчываў. У параўнаньні з 2022 годам гэта на 33,4 тысячы тон больш. Выкіды растуць чатыры гады запар пасьля дасягненьня ў 2019 годзе мінімальнага за 10 гадоў значэньня — 426,8 тысячы тон.
З тых відаў рэчываў, зьвесткі па якіх удалося знайсьці выданьню, больш за ўсё рост забруджваньня паказаў дыяксыд серы — ён утвараецца пры спальваньні паліва, багатага на серу — такога як нафта, дызэльнае паліва ці вугаль. Забруджваньне гэтым рэчывам у Беларусі за пяць гадоў вырасла на 20%.
Па відах забруджвальных рэчываў дынаміка такая:
- дыяксыд серы: 2019 год — 47,1 тыс., 2023 год — 56,8 тыс. тон,
- аксыд вугляроду: 2019 год — 72 тыс., 2023 год — 76,4 тыс. тон,
- дыяксыд азоту: 2019 год — 44,2 тыс., 2023 год — 44,4 тыс. тон,
- лятучыя арганічныя рэчывы: 2019 год — 55 тыс., 2023 год — 55,8 тыс. тон,
- аксыд азоту: 2019 год — 5,7 тыс., 2023 год — 5,5 тыс. тон,
- мэтан: 2019 год — зьвестак няма, 2023 год — 190 тыс. тон,
- цьвёрдыя часьцінкі (пыл): 2019 год — зьвестак няма, 2023 год — 28,4 тыс. тон.
За 42% выкідаў у атмасфэру адказвае сельская гаспадарка, яшчэ 32% прыпадае на апрацоўчую прамысловасьць, адзначае выданьне.
Дзе ў Беларусі дыхаць цяжэй
Сярод рэгіёнаў самае бруднае паветра — у Гомельскай і Віцебскай абласьцях. На гэтыя два рэгіёны прыпадае амаль палова ўсіх стацыянарных выкідаў краіны, а выкідаў дыяксіду серы — дзьве траціны агульнага аб’ёму па Беларусі. На Гомельшчыне разьмяшчаецца Мазырскі, а на Віцебшчыне — Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод.
Самая чыстая вобласьць — Магілёўская, 51 тысяча тон выкідаў у 2023 годзе. Менск — яшчэ чысьцейшы, тут у 2023 году ў атмасфэру трапіла толькі 17 тысяч тон брудных рэчываў. Аднак немагчыма параўнаць яго зь іншымі гарадамі, бо Белстат зьвесткі па гарадах не публікуе.
Агулам у Беларусі налічваецца 171,8 тысячы стацыянарных крыніц выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфэру, зь іх толькі 16,3 тысячы абсталяваныя газаачышчальнымі ўстаноўкамі. У 2023 годзе ў Беларусі было злоўлена і (або) абясшкоджана 19,4 тысяч тон рэчываў, якія забруджваюць паветра і паходзяць са стацыянарных крыніц, што складае 79,9% ад агульнай колькасьці.
Тым часам у Беларусі паступова зьніжаюць выдаткі на ахову навакольнага асяродзьдзя ў адносінах да ВУП. Так, у 2023 годзе Беларусь выдаткавала на экалёгію толькі 0,6% ад ВУП, у той час як у 2007 годзе выдаткі дасягалі 1,3% ВУП.
Форум