Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты расказалі, як можа зьмяніцца ўлада ў Расеі і хто здольны стаць пераемнікам Пуціна


Уладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Уладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Улада ў Расеі зьменіцца са сьмерцю або хваробай Уладзіміра Пуціна — гэта найбольш імаверны сцэнар зьмены рэжыму ў Расеі, зыходзячы з вынікаў экспэртнага апытаньня, якое правяла «Сыстэма», расьсьледніцкі праект «Настоящего Времени» і Радыё Свабода.

Больш за 40 палітолягаў, сацыёлягаў і палітычных журналістаў з Расеі, ЗША і Эўропы ацанілі верагоднасьць розных сцэнарыяў зьмены ўлады ў Расеі і назвалі найбольш верагодных, на іх думку, наступнікаў Пуціна.

Высновы апытаньня не прэтэндуюць ні на палітычнае прадказаньне, ні на сацыялягічнае дасьледаваньне. Яны толькі адлюстроўваюць настроі апытаных экспэртаў адносна будучыні расейскай улады.

Як сыдзе Пуцін?

Найбольш рэалістычны сцэнар зьмены ўлады ў Расеі — гэта сьмерць Пуціна, лічыць большасьць удзельнікаў апытаньня: амаль усе экспэрты адзначылі менавіта гэты варыянт разам зь іншымі. Пры гэтым восем з 42 апытаных экспэртаў назвалі сьмерць Пуціна адзіным магчымым варыянтам зьмены ўлады.

Зь менш відавочных сюжэтаў рэспандэнты адзначалі «палацавы/унутрыэлітны пераварот»: імаверным сцэнарам яго назвалі 23 чалавекі, а некаторыя — адзіным магчымым.

У палітычныя забурэньні экспэрты ня вераць: рэвалюцыю ці грамадзянскую вайну назвалі магчымымі пяць чалавек. Крыху больш лічаць, што да зьмены ўлады можа прывесьці ваенная параза Пуціна.

Пытаньне аб шляхах зьмены ўлады прапаноўвала рэспандэнтам некалькі варыянтаў адказу, а таксама магчымасьць дадаць свой. Адзін з экспэртаў, які пажадаў застацца ананімным, выказаў здагадку пра крах пэрсаналісцкага рэжыму з прычыны непрадбачаных падзей, такіх як катастрофа на АЭС ці крах эканомікі Кітаю. Іншы ўдзельнік апытаньня дапусьціў сцэнар, пры якім хвароба Пуціна можа прывесьці да яго адрачэньня ад улады ці «мяккага» перавароту.

Кандыдаты на месца Пуціна: ад Мішусьціна да Хадаркоўскага

Журналісты таксама прапанавалі экспэртам пафантазіраваць на тэму пэрсаналій, якія могуць прыйсьці на зьмену Пуціну. Яны задавалі пытаньне, зыходзячы зь цяперашніх абставін: калі б зьмена прэзыдэнта адбывалася цяпер, улетку 2024 году, пасьля перастановак ва ўрадзе Мішусьціна. Відавочна, што праз два гады, пяць і дзесяць гадоў пэрсаналіі і разьмеркаваньне паўнамоцтваў ва ўладзе могуць быць зусім іншыя.

Экспэрты называлі прозьвішчы ў двух уяўных сцэнарах.

Першы сцэнар:

у Расеі адбываецца зьмена ўлады, і Пуцін удзельнічае ў выбары кандыдатуры наступнага прэзыдэнта, гэта значыць, сам прызначае пераемніка.

Імаверней за ўсё, Пуцін абярэ прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусьціна (яго згадалі 19 экспэртаў з 41) або свайго былога ахоўніка, а цяпер памочніка прэзыдэнта Аляксея Дзюміна (яго ўзгадалі 18 чалавек). Трэцяе месца ў шэрагу ўлюбёнцаў Пуціна ў вачах экспэртаў заняў мэр Масквы Сяргей Сабянін (13 згадак).

Два экспэрты вырашылі, што Пуцін можа выбраць пераемніцай сваю дачку Кацярыну Ціханаву, адзін назваў магчымай спадчыньніцай іншую дачку Пуціна, Марыю Варанцову.

Другі сцэнар:

у Расеі зараз адбываецца раптоўная зьмена ўлады, і Пуцін у выбары пераемніка ня ўдзельнічае (напрыклад, таму што памёр).

У такім выпадку абсалютная большасьць экспэртаў таксама сышліся на кандыдатуры Мішусьціна: яго назвалі 35 экспэртаў з 42. На другім месцы з 27 галасамі аказаўся Сяргей Сабянін.

Ніякія іншыя кандыдатуры не выклікалі такой аднадушнасьці. Сем чалавек узгадалі памочніка прэзыдэнта Мікалая Патрушава, па пяць — Мядзьведзева, Белавусава, Дзюміна і віцэ-прэмʼера Дзьмітрыя Патрушава.

Усяго ў абодвух сцэнарах экспэрты сумарна ўзгадалі 34 прозьвішчы магчымых пераемнікаў Пуціна. Самай старэйшай з «кандыдатаў» ужо цяпер 75 гадоў: гэта Валянціна Мацьвіенка. Маладзейшая за ўсіх таксама жанчына: дачцэ Пуціна Кацярыне Ціханавай цяпер 37. Па адным экспэрту нечакана назвалі кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава (яшчэ нядаўна СМІ адзначалі цяжкі, амаль сьмяротны стан яго здароўя) і губэрнатара Белгарадзкай вобласьці Вячаслава Гладкова. Гісторык, які пажадаў застацца ананімным, назваў прозьвішча Хадаркоўскага як магчымага будучага прэзыдэнта — у выпадку, калі выбіраць трэба будзе ня Пуціну. Гэта адзінае прозьвішча «несыстэмнага» палітыка сярод усіх прапанаваных экспэртамі кандыдатур.

Варта адзначыць, што нават спэцыялісты па расейскай палітыцы зараз не бяруцца прагназаваць будучыню пуцінскай улады, тым больш у дачыненьні да пэрсаналій.

Журналісты «Сыстэмы» зьвярнуліся з трыма пытаньнямі больш як да 150 экспэртаў, якія выступаюць публічна. Адказалі менш за трэць.

Зрэшты, нават тыя экспэрты, якія наважыліся назваць імёны, падкрэсьлівалі, што гэта ўсяго толькі дапушчэньні і вызначыць пераемніка практычна немагчыма. Некаторыя адзначылі, што на дадзены момант Пуцін не рыхтуе нікога сабе на замену. Самі прагнозы могуць адносіцца да даволі далёкай будучыні.

У кастрычніку 2024 году Пуціну споўніцца 72 гады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG