Як паведаміла выданьне «Позірк», Сьвятлана Ціханоўская прысьвяціла прэмію «сьмелым беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду», «жалезным лэдзі Беларусі»: Марыі Калесьнікавай, Кацярыне Андрэевай, Ніне Багінскай і іншым.
«Многія з гэтых жанчын застаюцца за кратамі. І мы не спыняем барацьбу за іх вызваленьне. Гэтак жа, як мы не перастанем змагацца за нашу краіну», — заявіла палітык у вітальнай прамове.
Дэмакратычны лідар падкрэсьліла, што Беларусь — «прыклад таго, што адбываецца, калі мы грэбуем дэмакратыяй, спрабуем улагодзіць або „перавыхаваць“ дыктатараў».
«Калі мы нерашучыя, калі прымаем паўмеры — яны толькі нахабнічаюць», — сказала палітык.
Ціханоўская адзначыла, што Маргарэт Тэтчэр «ненавідзела, калі справы рабіліся напалову».
«І найлепшы спосаб ушанаваць яе спадчыну — пераканацца, што мы не пакінем дыктатарам ніводнага шанцу», — падкрэсліла палітык.
Прэмія імя Маргарэт Тэтчэр заснаваная ў 2025 годзе да 100-годзьдзя зь дня нараджэньня палітыка фондам Эўрапейскага кансэрватызму New Direction («Новы напрамак») — афіцыйным фондам эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў на ўзроўні Эўразьвязу. Заснаваны ў 2009 годзе пад патранатам Тэтчэр.
7 сьнежня 2023 году Ціханоўская атрымала ў Вашынгтоне прэмію імя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр «За свабоду» Міжнароднага дэмакратычнага саюза (IDU). Палітык тады прысьвяціла яе палітвязням.
Форум