Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Чаму Лукашэнка вызваляе некаторых палітвязьняў? Тлумачэньне палітоляга Астапені


Рыгор Астапеня, каляж
Рыгор Астапеня, каляж

Вызваленьне асобных палітвязьняў і анонс новых памілаваньняў — каму і пра што гэта сыгнал? Чаго Лукашэнка хоча дамагчыся ад Захаду ўзамен? У чым прычына супярэчлівасьці апошніх крокаў беларускіх уладаў?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў перадачы «ПіК Свабоды» адказвае доктар паліталёгіі, кіраўнік беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня.

— Днямі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў пра магчымасьць новых памілаваньняў палітычных зьняволеных. І вызваленьне 18 палітвязьняў раней у гэтым месяцы, і анонс новых вызваленьняў — каму і пра што гэта сыгнал?

— Галоўны адрасат — тыя, каго рэжым Лукашэнкі любіць называць «калектыўным Захадам». Акрамя яго, ёсьць і іншыя — гэта беларускае грамадзтва, дэмсілы, сам рэжым і, нарэшце, Крэмль.

Даведка Свабоды

Пасьля пачатку шырокамаштабных рэпрэсій у Беларусі памілаваньні тых, каго праваабаронцы прызнавалі палітвязьнямі, былі адзінкавымі. У 2021-м прадстаўнік «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юры Васкрасенскі агучыў прапанову аб вызваленьні сотні чалавек, зьняволеных паводле палітычных артыкулаў. Са 100 чалавек, якіх прапаноўвалася памілаваць, у выніковым сьпісе апынуліся толькі 13.

Памілаваньне 13 палітвязьняў не зрабіла ўражаньня на Захад, што пакрыўдзіла ўлады Беларусі.

Амністыя — гэта акт вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці ці замена на больш мяккае пакараньне. У адрозьненьне ад памілаваньня, яна распаўсюджваецца на шырокае кола асоб паводле катэгорыі, у той час як памілаваньне — пэрсанальнае і патрабуе прашэньня на імя прэзыдэнта. Закон не вымагае прызнаньня віны, хоць на практыцы мілуюць пераважна тых, хто раскайваецца.

У 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча і Соф'ю Сапегу. Пра другую хвалю памілаваньняў улады абвясьцілі сёлета, аднак праваабаронцам вядома толькі пра 18 чалавек.

У гісторыі Беларусі бывалі розныя выпадкі вызваленьня палітвязьняў, ня толькі праз памілаваньне. У 2007 годзе для паляпшэньня стасункаў з Захадам вызвалялі палітвязьняў, уключаючы Паўла Севярынца і Мікалая Аўтуховіча. Іх не прасілі пісаць хадайніцтвы аб памілаваньні. Ужылі іншыя прававыя інструмэнты. У 2008 годзе вызвалілі кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2006 Аляксандра Казуліна. Ён не прызнаваў віны і не прасіў памілаваньня, аднак Лукашэнка, насуперак правілам, усё роўна выдаў указ аб ягоным памілаваньні. У 2011 годзе палітвязьняў, затрыманых за Плошчу-2010, вызвалялі і з хадайніцтвамі, і без.

— Чаго Менск хоча ўзамен за вызваленьне палітвязьняў? Калі не зьняцьця санкцыяў, то, можа, рэлегітымізацыі? Каб на Захадзе сказалі: «Вы будзеце сьмяяцца, але Лукашэнка — такі прэзыдэнт Беларусі».

— Найвялікшае жаданьне рэжыму — выйсьці сухім з вады, каб цалкам былі скасаваныя санкцыі, каб была выключаная пагроза крымінальнага перасьледу Аляксандра Лукашэнкі. Але ў практычным пляне рэжым хоча ўвагі, камунікацыяў паміж кіраўніцтвам Беларусі і кіраўнікамі заходніх дзяржаваў. Апошнія кантакты на вышэйшым узроўні былі ў 2022 годзе. Апошнія санкцыі ЭЗ адносна Беларусі паказваюць, што яна лідэраў ЭЗ ужо амаль не цікавіць. Рэжым Лукашэнкі хацеў бы гэтае стаўленьне зьмяніць.

— Захад насамрэч не такі і аднародны. Калі вызваленьне палітвязьняў — сыгнал Захаду, то якому? Можа, гэта сыгнал Орбану, Фіца, «Альтэрнатыве для Нямеччыны», францускаму «Нацыянальнаму аб’яднаньню» і, нарэшце, Трампу? Яны ж таксама Захад. Ня ўсе яны — ужо ўлада, але некаторыя — так. А некаторыя вызначаюць парадак дня, нават ня маючы ўлады.

— Думаю, што Лукашэнка, як і многія ў сьвеце, рыхтуецца да зьмены ўлады ў ЗША. Некаторыя крокі рэжыму, сапраўды, могуць быць сыгналамі будучай адміністрацыі Трампа і цяперашнім партнэрам Трампа — таму ж Орбану.

— А што Трампу беларускія палітвязьні?

— Пытаньне ў тым, што іх занадта шмат. Лукашэнка не настолькі важны гулец, каб заплюшчваць вочы на празьмерныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

— А ці гатовы Захад неяк рэагаваць на такія прапановы беларускага рэжыму?

— Калі Лукашэнка будзе гатовы ісьці гэтым шляхам, то вельмі імаверна, што заходнія краіны будуць пазытыўна рэагаваць. Тая ж Польшча гатовая размаўляць з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі пра вызваленьне Анджэя Пачобута. 18 вызваленых палітвязьняў — занадта малы першы крок. Захад адрэагаваў сувымерна — твітамі сваіх МЗС, дзе віталася гэтая мера. Для Захаду важна ўбачыць больш сурʼёзныя крокі — 100–200 вызваленых.

— Вы сказалі, што адзін з адрасатаў вызваленьня палітвязьняў — дэмакратычныя сілы. А чаго ад іх рэжым можа хацець у абмен? Капітуляцыі? Ужо ня толькі не «злаваць дзеда», а хваліць яго? Хто гатовы заплаціць такую цану?

— Ёсьць толькі адна рэч, якую рэжым вельмі хоча забраць у дэмсілаў — гэта прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай легітымнай часткай эўрапейскай палітыкі. Зь ёю сустракаюцца і размаўляюць на вышэйшым узроўні. Мне здаецца, што калі каманда Ціханоўскай падыграе рэжыму Лукашэнкі дзеля вызваленьня палітвязьняў, гэта не прывядзе да дэлегітымізацыі Ціханоўскай.

— Палітыка беларускіх уладаў падаецца даволі непасьлядоўнай і супярэчлівай. Некага вызваляюць, а іншых саджаюць. Абвяшчаецца, што памежнае абвастрэньне з Украінай вырашанае, але нямецкага грамадзяніна асуджаюць на сьмерць у Менску. Гаворыцца пра гатоўнасьць нармалізаваць адносіны з Польшчай, але Анджэй Пачобут застаецца за кратамі. Ці ведае левая рука, што робіць правая? Гэта сьведчаньне, што сыстэма дысфункцыянальная, што яна пайшла ўразнос?

— Дзяржава — складаны арганізм, у якім ёсьць розныя памкненьні. У кіраўніцтва КДБ іншыя ўяўленьні, чым у кіраўніцтва МЗС. Што тычыцца нямецкага лекара, якога асудзілі на сьмерць у Беларусі, я думаю, што будзе нейкі абмен, зьдзелка. Я раблю такую выснову зь вельмі спакойных паводзінаў нямецкага МЗС. Гэтая гісторыя насамрэч цягнецца ўжо доўгі час, гэта мы даведаліся пра яе нядаўна. Што тычыцца вызваленьняў, якія суправаджаюцца новымі пасадкамі, — рэжым чакае больш выразных рэакцыяў Захаду, каб пераходзіць да наступных этапаў. Пакуль такой рэакцыі ня будзе, улады ня будуць спыняць рэпрэсіі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG