Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе»: Статут ВКЛ напісаны на мове продкаў беларусаў і ўкраінцаў — Віктар Корбут


Фотакаляж. Леў Сапега, Віктар Корбут.
Фотакаляж. Леў Сапега, Віктар Корбут.

На якой мове напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага? Якая мова была дзяржаўнай у ВКЛ? Ці існавала старабеларуская мова? І ці маюць падставы прыхільнікі заходнерусізму называць беларускую мову дыялектам расейскай?

Пра гэта і пра іншае мы пагаворым з доктарам філялёгіі, аўтарам абароненай сёлета ў Варшаве дысэртацыі «Беларуская мова як фактар фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў пэрыяд рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у публіцыстыцы першых беларускамоўных газэт „Наша Доля“ і „Наша Ніва“» Віктарам Корбутам.

0:00 — якая мова была дзяржаўнай у Вялікімі Княстве Літоўскім?

6:30 — ці сапраўды мова Статуту ВКЛ ня мае нічога агульнага з сучаснай беларускай

12:58 — што беларускі філёляг адкажа прыхільніку заходнерусізму, які сьцьвярджае, што мова Статуту ВКЛ — звычайная расейская

13:25 — наколькі сур'ёзны аргумэнт у спрэчцы з заходнерусамі мова Аль-Кітабаў

17:27 — ці маюць рацыю беларускія і ўкраінскія навукоўцы, называючы дзяржаўную мову ВКЛ старабеларускай ці стараўкраінскай

22:43 — як мову Статуту ВКЛ называць сёньня

24:03 — ці маюць рацыю заходнерусы, сьцьвярджаючы, што беларуская мова — гэта дыялект расейскай

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Віктарам Корбутам:

— Адзін з гледачоў нашага каналу, вельмі актыўны заходнерусіст паводле поглядаў, напісаў нядаўна ў супольнасьці каналу вялікі пост пра старабеларускую мову і мову Статуту 1588 году. Цытую: «Теперь о Статуте 1588. Любой непредвзятый человек, читая его текст в оригинале, не может отделаться от мысли, что это вполне понятный РУССКИЙ язык. По крайней мере, точно не имеющий ничего общего с современной мовой». І далей шмат разважаньняў пра тое, маўляў, што адметнымі рысамі беларускай мовы зьяўляюцца аканьне, яканьне, дзеканьне і цеканьне, і што ў Статуце 1588 году ён такіх рысаў не знайшоў. Што вы, як беларускі філёляг, можаце адказаць на такія закіды?

— Па-першае, правапіс і вымаўленьне не супадаюць, бадай, у ніводнай мове. Па-другое, у розных беларускіх гаворках ёсьць розныя фанэтычныя зьявы, агульныя і з расейскай, і з украінскай, і з польскай, і зь літоўскай мовамі. Як гучала мова нашых продкаў у 1588 г., мы дакладна ня ведаем (хоць ёсьць розныя, яшчэ з часоў Яўфімія Карскага, рэканструкцыі). Зрэшты, гэта немагчыма сказаць з абсалютнаю пэўнасьцю і пра іншыя мовы.

На старонках першых беларускіх газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва», выданьне якіх пачалося ў 1906 годзе ў Вільні, беларуская мова з дыялектаў і спарадычных спроб іх выкарыстаньня ў творчасьці асобных аўтараў і ў друку ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў ператварылася ў літаратурную мову беларускай нацыі.

У працэсе фармаваньня беларускай літаратурнай (кніжнай, нацыянальнай) мовы на старонках першых беларускіх газэт яна паступова ўдасканальвалася, набываючы спэцыфічную газэтна-кніжную форму. Падчас гэтага ўдасканаленьня вёўся адбор як графічных (альфабэт), так і правапісных, граматычных і іншых сродкаў, якія маглі адыгрываць інтэграцыйную функцыю паміж носьбітамі розных варыянтаў беларускай вуснай і пісьмовай мовы.

Выданьне газэт двума альфабэтамі — «рускими и польскими литэрами» (цытую дакладна паводле газэт) — павінна было, па сутнасьці, зьняць з альфабэтаў этнакультурную нагрузку, якая на іх накладалася ў выніку асацыяцыі тэкстаў, напісаных «польскімі літарамі», з польскай мовай і ідэнтычнасьцю і каталіцтвам, а «рускімі» — з расейскай і праваслаўем.

Першыя беларускія газэты дэманстравалі, што альфабэт — гэта ня толькі і ня столькі этнаканфэсійны маркер, а зьнешняя форма мовы, сродак перадаваньня яе на пісьме, і таму ня польскія або рускія літары граюць вырашальную ролю ў выяўленьні нацыянальнай ідэнтычнасьці, а сама гэтая мова зьяўляецца крыніцай ідэнтычнасьці — вядома, беларускай, а ня польскай ці расейскай. «Наша Доля» і «Наша Ніва» дэманстравалі, што важная не графічная форма беларускай мовы, а яна сама. Гэта быў сьвецкі мадэрны нацыянальны падыход.

Калі ж гаварыць пра часы ВКЛ, то для яснасьці я прапанаваў бы, прынамсі ў нашай сёньняшняй размове, умоўна называць «рускую» мову ВКЛ літоўска-рускай, а мову Маскоўскай дзяржавы — маскоўска-рускай. Розьніца паміж імі не магла не існаваць, хаця б таму, што людзі ў гэтых дзяржавах на працягу стагодзьдзяў жылі ў розных сацыяльна-культурных умовах. А мова не жыве ў адрыве ад штодзённага жыцьця.

Дык вось, літоўская дасьледчыца Людміла Гарбуль апублікавала працу аб палянізмах у маскоўска-рускай мове канца XVI — XVII стагодзьдзяў. І што ж аказалася? У той час яна максымальна наблізілася да літоўска-рускай, дзякуючы агульнаму пласту лексыкі, які тады актыўна засвойваўся маскоўскай элітай. Для іх тады ўзорам была Рэч Паспалітая. І такія словы, як уласна польскія:

светский, склонность, склонный, смертельный, смиловаться, способ, справедливость, справедливый, столица,

так і лацінізмы:

секретарь, селитра, сенат, сенатор, сироп, сталь, стальной, сумма,

трапілі ў мову Маскоўскага царства... з польскай. І гэта толькі некалькі слоў на літару С. А ўявіце, колькі іх ад А да Я. Гарбуль мяркуе, што пасярэднікам магла выступаць і, як мы дамовіліся яе называць, літоўска-руская мова. Магчыма, той, хто лічыць старажытную і цяперашнюю маскоўска-рускую мову «истинно русской», проста ня ведае, што ў ёй столькі адных толькі палянізмаў, што бязь іх ня змог бы нават рот адкрыць... Не хапіла б слоў!

Як бачым, у сучаснай расейскай і беларускай мовах, як, зрэшты, і ў мовах нашых продкаў, былі два значныя агульныя пласты. Была лексыка часоў гэтак званай старажытнай Русі, пэрыяду распаўсюджваньня царкоўнаславянскай мовы ва Ўсходняй Эўропе сярод балтаў, фінаў — непасрэдных продкаў большасьці сучасных беларусаў і расейцаў.

А з XV стагодзьдзя продкі беларусаў, жывучы ў адной дзяржаве з палякамі, убіралі польскую лексыку. А праз стагодзьдзе сталі яе перадатчыкамі ў маскоўска-рускую дзяржаву.

А да пачатку XIX стагодзьдзя мова продкаў беларусаў (зрэшты, як і ўкраінцаў, маскоўскіх рускіх) пераважна называлася «рускай», што было абумоўлена яе паходжаньнем. У ХІХ стагодзьдзі беларуская мова таксама называлася ў літаратуры: беларуская, заходняруская, літоўска-руская, польска-руская, польска-маларуска-руская, русінская, рутэнская, літоўская, славяна-літоўская, крывіцкая, славяна-крывіцкая.

У польскай навуцы зацікаўленьне беларускай мовай пачалося, бадай, з прац Самуэля Багуслава Ліндэ, аўтара «Słownika języka polskiego», выдадзенага ў 1807 годзе. У гэтым слоўніку аўтар выкарыстаў прыклады са (старабела)рускай мовы XVI–XVII стагодзьдзяў.

У 1816 годзе Ліндэ выступіў у друку з працай пра Статут Вялікага Княства Літоўскага, мову якога ён прапанаваў называць «językiem biało-ruskim», ідучы сьледам за думкай расейскага бібліёграфа Васілія Сопікава, які ў 1813 годзе пісаў, што пад беларускай мовай трэба разумець мову праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Польшчы. Ліндэ лічыў, што беларуская мова не была падобная ні да польскай, ні да царкоўнаславянскай. У той жа час Ліндэ пісаў пра гэтую мову і як пра «język ruski».

Сам Сопікаў выдадзенымі на беларускай мове лічыў кнігі пераважна... ўраджэнцаў Украіны Пятра Магілы, Стэфана Зізанія, Зіновія Капысьценскага, Мялеція Сматрыцкага, якія ўбачылі сьвет у 1596–1645 гадах у друкарнях Вільні, Куцейна, Астрога, Кіева і Кракава.

«Рускую» мову тэрыторый Рэчы Паспалітай (розных яе рэгіёнаў) XVI–XVIII стагодзьдзяў «белорусским наречием» называлі расейскія дасьледчыкі Яўфімій Балхавіцінаў (мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Яўгеній, 1813 год), Канстанцін Калайдовіч (1822 год), Мікалай Грэч (1822, 1827 гады); «польска-рускай» — той жа Балхавіцінаў (1827 г.).

У 1853 годзе «Заўвагі беларусца пра беларускую мову» апублікаваў журналіст Павел Шпілеўскі. Развагамі пра беларускую мову Шпілеўскі таксама дзяліўся ў сваім «Падарожжы па Палесьсі і беларускім краі», апублікаваным у 1853–1855 г., называючы яе «родным своим языком», «древнерусским языком, на котором говорили главные племена славяно-русские: кривичи и дреговичи и на котором писали на Руси многие акты и договоры, даже Литовский Статут».

Вядомы чэскі дасьледчык нацыянальных рухаў Міраслаў Грох зьвяртаў увагу на тое, што дзеячы беларускага нацыянальнага руху, які ўзьнік пазьней за нацыянальныя рухі іншых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, не маглі выкарыстаць даўнюю традыцыю пісьменнасьці і былі вымушаныя ствараць (кадыфікаваць) новую.

У гэтым пляне, бадай, няма падстаў у спробах убачыць у мове пачатку ХХ стагодзьдзя выразную пераемнасьць з «рускай» (старабеларуска-ўкраінскай) канцылярскай мовай, якая функцыянавала на будучых беларускіх і ўкраінскіх землях у XIV–XVIII стагодзьдзях, у пэрыяд знаходжаньня іх у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.

Аднак мы ведаем, дастаткова зазірнуць у мовазнаўчыя працы, напрыклад, у дасьледаваньні расейскага лінгвіста Віктара Вінаградава, што і маскоўска-руская мова з канца XVIII стагодзьдзя страчвала тыя рысы, пераважна царкоўнаславянскія, якія былі яе асновай, і ўсё больш набліжалася да мовы простанародзьдзя — мяшчан і сялян. І ўжо Пушкін пісаў не на мове Івана Грознага і нават не Пятра Першага. Таксама як і беларускія сяляне ў эпоху Пушкіна і Міцкевіча гаварылі не на мове часоў Скарыны. Хоць ступень падабенства паміж моваю Статуту ВКЛ і моваю часоў Францішка Багушэвіча (што і заўважаў сам Багушэвіч) большая, чым паміж маскоўска-рускай мовай XVI стагодзьдзя і мовай часоў цара Мікалая ІІ.

Інакш кажучы, сучасныя беларуская і расейская літаратурныя мовы, як і дыялекты, гістарычна зьвязаныя са старажытнай пісьменнасьцю, але не зьяўляюцца яе «дзецьмі», а скарэй праўнучкамі. Ня трэба тлумачыць, як могуць сваім выглядам і паводзінамі адрозьнівацца сваякі розных пакаленьняў. Хоць нешта агульнае яны могуць мець і маюць.

І таму невыпадкова, як адзначалі беларускія мовазнаўцы Аркадзь Жураўскі і Іван Крамко, «старая беларуская літаратурная мова прыкметна адрозьніваецца ад сучаснай на ўсіх сваіх узроўнях», а «для ажыцьцяўленьня сувязі новай літаратурнай мовы са старажытнай пісьмовай мовай у ХІХ стагодзьдзі не было дастаткова спрыяльных умоў». Эліта гаварыла, а галоўнае, пісала ці па-польску (Міцкевіч), ці па-расейску (Шпілеўскі)...

Я лічу вартым увагі і меркаваньне беларускага мовазнаўца Іосіфа Воўка-Левановіча, якое ён выказаў у 1929 годзе. Вучоны зьвяртаў увагу на тое, што беларуская мова шляхты пачатку ХХ стагодзьдзя адрозьнівалася ад мовы сялян і «захавалася прыблізна ў такім выглядзе, які яна мае ў ліцературнай [sic!] абработцы XVI–XVII вякоў».

І таму, бадай, кіруючыся меркаваньнем Воўка-Левановіча, можна было б шукаць рысы (старабела)рускай мовы ў беларускім маўленьні шляхты пачатку ХХ стагодзьдзя, аднак і ў гэтым выпадку з агаворкай. Відавочна, што мова шляхты адрозьнівалася ад мовы сялян як у XVI стагодзьдзі, так і ў XIX–ХХ стагодзьдзях. У той жа час нам вядомая мова пісьменнасьці XVI стагодзьдзя, але практычна невядомая жывая мова таго часу — ані шляхты, ані сялян.

Мовазнавец Сцяпан Некрашэвіч канстатаваў у 1926 годзе, што, «ня маючы генэтычнай сувязі з ранейшай дзяржаўнай беларускай мовай, мовай нашага старога пісьменства, бо гэткай сувязі не магло быць, з прычыны страты на працягу больш, чым двох вякоў беларускай дзяржаўнасьці і фактычнага заняпаду беларускай мовы, — наша літаратурная мова к часу абвяшчэньня яе мовай дзяржаўнай (г. зн. у 1920-я гады) зьяўлялася яшчэ мала апрацаванай».

Літаратуразнавец Станіслаў Станкевіч таксама прызнаваў, што «ані канкрэтных спробаў, ані навет тэндэнцыяў выкарыстоўваньня старой беларускай мовы ў часе „Нашай Нівы“ яшчэ ня было».

І тым ня менш на старонках першага нумара газэты «Nasza Niwa» ў 1906 годзе Аляіза Пашкевіч — пад псэўданімам Мацей Крапіўка — у артыкуле «Jak nam uczycca» пісала, мабыць, сьледам за Францішкам Багушэвічам, што

«dwie-try sotni hodoů tamu nazad usie zakony i ůsie kazionyje papiery pisalisia u nas niejnaczej, jak na naszej mowi. Wo i ciapier baczym: drukujucca knižki, wychodzić užo druhaja hazeta, idzie pierepiska z uczonymi, ůsio pa naszemu».

Мы разумеем мову XVI стагодзьдзя! Чаму? Бо ў ёй ёсьць агульны з сучаснай мовай пласт лексыкі. Праўда, гэта часта палянізмы, лацінізмы — усё тыя ж, якія пазьней нашы продкі перадалі ў маскоўскую Русь.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Дзяржаўная мова ВКЛ — старабеларуская ці не?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:29:21 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG