Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі ЗША гатовыя падтрымаць Камалу Гарыс


USA-ELECTION/HARRIS
USA-ELECTION/HARRIS

Віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс 22 ліпеня, ужо на наступны дзень пасьля адмовы дзейнага прэзыдэнта Джо Байдэна ад барацьбы за другі тэрмін на пасадзе, атрымала неабходную для намінацыі падтрымку большасьці дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі.

Паводле апошніх падлікаў агенцтва Associated Press, за Камалу Гарыс гатовыя галасаваць каля 2700 дэлегатаў зьезду. Для намінацыі ў прэзыдэнты патрэбна 1976 галасоў дэлегатаў. Галасаваньне пройдзе з 1 да 7 жніўня.

Адмова прэзыдэнта Байдэна ад удзелу ў выбарах адкрыла фармальную магчымасьць барацьбы за намінацыю ў прэзыдэнты. Аднак ужо ў першыя гадзіны пасьля заявы дзейнага прэзыдэнта аб падтрымцы кандыдатуры Камалы Гарыс за яе кандыдатуру выказаліся многія вядучыя палітыкі-дэмакраты. У выбарчы фонд Гарыс паступіла больш за 80 мільёнаў даляраў ахвяраваньняў ад 888 тысяч донараў.

Да вечара панядзелка ніводзін з дэмакратаў, акрамя Гарыс, не абвясьціў аб намеры змагацца за намінацыю. Губэрнатары некалькіх штатаў, якіх называлі магчымымі канкурэнтамі Гарыс, заявілі аб падтрымцы яе кандыдатуры. Да іх далучылася ўплывовая палітык, былая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі.

Выбарчы штаб Гарыс аб’явіў аб тым, што Эрык Голдэр (ён быў міністрам юстыцыі ў Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы) узначаліць працэдуру адбору кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты. Пакуль няма ніякіх дакладных указаньняў наконт таго, каго можа выбраць Камала Гарыс.
Падчас візыту ў сваю перадвыбарную штаб-кватэру Гарыс нагадала аб тым, што яна ў свой час працавала пракурорам і таму добра знаёмая з «драпежнікамі» і «ашуканцамі». «Я ведаю, што ўяўляе зь сябе такі тып людзей, як Дональд Трамп», — заявіла Гарыс.

Дональд Трамп у сацыяльных сетках абурыўся, што рашэньне Байдэна аб адмове ад удзелу ў выбарах назвалі «гераічным учынкам», і назваў кандыдатуру Гарыс «правальнай».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG