Гэтую заяву Каміньскі зрабіў у гутарцы з дарадцам дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай па парлямэнцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам. Відэа апублікаванае на ютуб-канале «ПРАНАС».
Абмежаваньні на прыезд у ЭЗ для наведваньня сваякоў «ахвярам гэтага рэжыму, звычайным беларусам» — палітычная памылка і амаральныя дзеяньні «Эўрапейскага Зьвязу або канкрэтных краін гэтага зьвязу», лічыць парлямэнтар.
«Я буду прапаноўваць усім дэпутатам Эўрапейскага Зьвязу, каб мы актыўна змагаліся за тое, каб ЭЗ не зачыняў дзьверы для грамадзян Беларусі, якіх мы лічым суграмадзянамі нашага эўрапейскага грамадзтва», — падкрэсьліў віцэ-сьпікер.
«Беларусы — члены той жа самай сям’і, якая называецца Эўропа», — дадаў Каміньскі.
На думку польскага палітыка, беларусы, «на жаль, сёньня знаходзяцца ва ўмовах дыктатуры, але гэта ня іх віна»: «І мы, як эўрапейцы, як палякі, як літоўцы, як суседзі беларускага народу, павінны рабіць усё, каб дапамагаць беларусам».
Дапамога — гэта «адкрыцьцё межаў, а ня іх закрыцьцё», сказаў палітык. «Мы не павінны дапамагаць Лукашэнку ўмацоўваць сваю дыктатуру», — заявіў ён.
Пра сустрэчу віцэ-сьпікера Сэнату Польшчы з дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай стала вядома напярэдадні. Паведамлялася, што на ёй узьнімалі тэмы старшынства Польшчы ў ЭЗ у першым паўгодзьдзі 2025 году і дзейнасьці дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» і дамовіліся аб правядзеньні ў наступным годзе ў Варшаве парлямэнцкага форуму на беларускую тэму.
- З 9 ліпеня ў рамках выкананьня рашэньня Эўразьвязу аб сынхранізацыі санкцый супраць Расеі і Беларусі Польшча пускае на сваю тэрыторыю аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, толькі калі за рулём знаходзіцца ўладальнік. Больш жорсткія правілы ўвялі краіны Балтыі — Латвія, Літва і Эстонія.
- Акрамя таго, у беларускіх грамадзян узьніклі цяжкасьці зь перавозкай тавараў праз мяжу з ЭЗ.
- Ціханоўская 16 ліпеня заявіла, што «абмежаваньні на ўезд у Эўразьвяз аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй — пасьпешлівае і шкоднае рашэньне, якое б’е па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі».
Форум