Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Складанае, але моцнае рашэньне», — рэакцыя ў ЗША і сьвеце на выхад Байдэна з выбараў


Чплавек трымае плякат з ўдзячнасьцю прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну перад Белым домам у Вашынгтоне, 21 ліпеня 2024
Чплавек трымае плякат з ўдзячнасьцю прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну перад Белым домам у Вашынгтоне, 21 ліпеня 2024

У ЗША рэакцыя на выхад Джо Байдэна з выбарчай гонкі і ацэнкі ягонага прэзыдэнцтва падзяліліся па партыйнай прыкмеце, замежныя лідэры ў асноўным пазытыўна ацэньваюць палітычную спадчыну цяперашняга лідэра ЗША, ягоную ролю ў пераадоленьні пандэміі каранавірусу і расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі» сабралі асноўныя рэакцыі на рашэньне Джо Байдэна выйсьці з выбараў прэзыдэнта ЗША ў лістападзе 2024 году і прапанаваць замест сябе цяперашнюю віцэ-прэзыдэнтку Камалу Харыс.

Што кажуць прадстаўнікі дэмакратаў

Былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама:

«З моманту ўступленьня на пасаду прэзыдэнт Байдэн зноў і зноў дэманстраваў свой характар. Ён дапамог пакласьці канец пандэміі, стварыў мільёны працоўных месцаў, зьнізіў цану рэцэптурных лекаў, прыняў першы за 30 гадоў буйны закон аб кантролі над зброяй, ажыцьцявіў найбуйнейшыя ў гісторыі інвэстыцыі ў барацьбу з кліматычнымі зьменамі... На міжнародным узроўні ён аднавіў пазыцыі Амэрыкі ў сьвеце, удыхнуў новае жыцьцё ў NATO і мабілізаваў мір на барацьбу супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне».

Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс:

«Менш чым за адзін прэзыдэнцкі тэрмін ён выратаваў краіну ад пандэміі, якая здараецца раз на стагодзьдзе, вывеў з крызісу эканоміку, якая знаходзілася на мяжы рэцэсіі, прыняў неабходныя законы ў інтарэсах простых амэрыканцаў».

Лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр:

«Джо Байдэн ня толькі выбітны прэзыдэнт і выдатны лідэр у заканадаўчай (сфэры), але таксама выдатны чалавек. Яго рашэньне, вядома, не зьяўляецца простым, але ён зноў даказаў, што на першым месцы для яго — яго краіна, яго партыя і наша будучыня ».

Экс-сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі:

«Прэзыдэнт Байдэн — амэрыканец-патрыёт, для якога яго краіна заўсёды знаходзіцца на першым месцы».

Што кажуць прадстаўнікі рэспубліканцаў

Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп:

«Гэта найгоршы прэзыдэнт у гісторыі нашай краіны. Ён увойдзе ў гісторыю як найгоршы прэзыдэнт у гісторыі...» Адначасова Трамп заявіў, што Камалу Харыс яму будзе лягчэй перамагчы на выбарах, чым Байдэна.

Сьпікер Палаты прэзыдэнтаў рэспубліканец Майк Джонс:

«Зрабіўшы несапраўднымі галасы больш як 14 мільёнаў амэрыканцаў, якія выбралі Джо Байдэна кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратаў, самаабвешчаная „партыя дэмакратыі“ прадэманстравала нешта проста супрацьлеглае сваёй назве».

Кангрэсвумэн ад Рэспубліканскай партыі Эліза Стэфанік:

«Калі Джо Байдэн ня можа змагацца за перавыбраньне, то ён не гатовы і да таго, каб служыць на пасадзе прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Ён павінен пайсьці ў адстаўку неадкладна».

Што кажуць лідэры замежных краін

Лідэры замежных дзяржаў у нядзелю апублікавалі шэраг заяў у сувязі з рашэньнем прэзыдэнта Джо Байдэна аб выхадзе з прэзыдэнцкай гонкі.

«Я паважаю рашэньне прэзыдэнта Байдэна і спадзяюся, што мы будзем супрацоўнічаць да канца яго прэзыдэнцтва», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр. Ён выказаў упэўненасьць у тым, што прэзыдэнт Байдэн «прыняў сваё рашэньне, грунтуючыся на тым, што, на яго думку, найлепшым чынам адпавядае інтарэсам амэрыканскага народа».

Байдэн садзейнічаў умацаваньню NATO, нагадаў канцлер ФРГ Оляф Шольц:

«ЗША паказалі сябе добрым і надзейным партнэрам. Джо Байдэн дабіўся многага: для сваёй краіны, для Эўропы, для сьвету. Яго рашэньне больш не балятавацца заслугоўвае прызнаньня», — адзначыў кіраўнік нямецкага ўрада.

Джо Байдэн і Камала Гарыс, 2023
Джо Байдэн і Камала Гарыс, 2023

Кіраўнік ураду Нарвэгіі Ёнас Гар Стэрэ, які выступіў у эфіры нацыянальнай тэлекампаніі NRK, нагадаў, што «Байдэн быў адным з самых бачных амэрыканскіх палітыкаў на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў і прэзыдэнтам, які правёў шэраг важных рэформаў».

Прэмʼер-міністар Ірляндыі Сайман Харыс у сваім акаўнце ў сетцы X выказаў Байдэну ўдзячнасьць за «глябальнае лідэрства і сяброўства».

«Сьвет зьмяніўся пасьля перамогі прэзыдэнта Байдэна ў 2020 годзе; нам прыйшлося сутыкнуцца з надзвычайнымі праблемамі: ад глябальнай пандэміі да вяртаньня на эўрапейскі кантынэнт вайны ў выглядзе жахлівага поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», — нагадаў кіраўнік ірляндзкага кабінэта.

Да прэзыдэнта Байдэна зьвярнуліся ў сацсетках кіраўнікі ўрадаў Польшчы і Чэхіі — Дональд Туск і Пэтэр Фіяла.

«Пан прэзыдэнт, — напісаў Туск, — вы шмат разоў прымалі цяжкія рашэньні, якія рабілі Польшчу, Амэрыку і (увесь) сьвет больш бясьпечным, а дэмакратыю і свабоду — мацней. Я ведаю, што вы кіраваліся тымі ж прынцыпамі, калі прынялі гэтае рашэньне, магчыма — самае цяжкае рашэньне ў вашым жыцьці».

«Гэта адказны і цяжкі, з асабістага пункту гледжаньня, крок, і таму — яшчэ больш каштоўны. Я трымаю пальцы скрыжаванымі за ЗША, каб у Амэрыцы, у выніку дэмакратычнай канкурэнцыі двух моцных і роўных кандыдатаў, быў абраны добры прэзыдэнт», — заявіў Фіяла.

Прэмʼер-міністар Іспаніі Пэдра Санчэс канстатаваў, што дзякуючы «рашучасьці і лідэрству Джо Байдэна, ЗША пераадолелі эканамічны крызіс пасьля пандэміі COVID-19... і аказалі ўзорную падтрымку Ўкраіне перад тварам агрэсіі Пуціна».

«Я выказваю яму захапленьне і ўдзячнасьць за сьмелае і годнае рашэньне», — падкрэсьліў Санчэс.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна паважае «складанае, але моцнае рашэньне» амэрыканскага лідэра Джо Байдэна завяршыць перадвыбарную кампанію і зьняць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў 2024 годзе.

«Украіна ўдзячная прэзыдэнту Байдэну за яго непахісную падтрымку барацьбы нашай краіны за свабоду, якая разам з моцнай двухпартыйнай падтрымкай у Злучаных Штатах была і застаецца крытычна важнай. У апошнія гады было прынята шмат рашучых рашэньняў, якія запомняцца як сьмелыя крокі прэзыдэнта Байдэна ў адказ на складаныя часы. І мы паважаем яго цяжкае, але моцнае сёньняшняе рашэньне», — напісаў Зяленскі ў сацыяльнай сетцы «Х» у ноч на 22 ліпеня.

«Мы заўсёды будзем удзячныя за кіраўніцтва прэзыдэнта Байдэна. Ён падтрымаў нашу краіну ў самы драматычны момант гісторыі, дапамог нам прадухіліць пуцінскую акупацыю нашай краіны і працягвае падтрымліваць нас на працягу ўсёй гэтай жудаснай вайны», — дадаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG