Польшча застаецца адкрытай для канструктыўнага дыялёгу зь беларускімі ўладамі ў кантэксьце найбольш вострых праблем у двухбаковых адносінах і падтрымлівае дээскаляцыю, заявіла прэс-служба МЗС Польшчы ў камэнтары Свабодзе.
«Уяўная гатоўнасьць уладаў у Менску ісьці на дыялёг з заходнімі партнэрамі, у тым ліку з Польшчай, пра якую неаднаразова дэкляравалася за апошнія некалькі месяцаў, на нашу думку, накіраваная толькі на дасягненьне кароткатэрміновых палітычных мэтаў і не зьяўляецца шляхам, які падтрымліваецца імкненьнем да доўгатэрміновага аднаўленьня ўзаемаадносін або паляпшэньня сытуацыі зь бясьпекай у рэгіёне», — гаворыцца ў афіцыйным адказе зьнешнепалітычнага ведамства.
У МЗС Польшчы заявілі, што ў двухбаковых кантактах зь Беларусьсю, у тым ліку ў рамках адказаў на розныя запрашэньні да супрацоўніцтва, Польшча нязьменна аналізуе бягучую сытуацыю праз прызму дзеяньняў Менску, якія па-ранейшаму стаяць на перашкодзе да пачатку канструктыўнага дыялёгу.
«Наша пазыцыя ў дачыненьні да Менску, а таксама тыя захады, якія мы робім, зьяўляюцца выключна вынікам працяглага відавочна непрыязнага стаўленьня беларускіх уладаў да Варшавы, а таксама адсутнасьці рэальнай палітычнай волі спыніць парушэньне Беларусьсю міжнароднага права, двухбаковых дамоваў і агульных прынцыпаў добрасуседзтва», — паведамілі ў МЗС Польшчы.
Што сказаў Рыжанкоў
15 ліпеня міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь гатовая «прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, для таго каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы».
Ён сказаў журналістам, што Беларусь гатовая да дыялёгу, каб разрадзіць абстаноўку на мяжы з Польшчай:
«Нядаўна кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў польскаму боку (і гэтая пазыцыя была даведзеная да часовага паверанага ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь): мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, для таго каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы... Мы прапануем любым іншым арганізацыям, прадстаўнікам краінаў ЭЗ, якія тут знаходзяцца, таксама прыехаць на мяжу, паглядзець, пагаварыць, падыскутаваць, намеціць нейкія пляны», — заявіў кіраўнік МЗС.
2 ліпеня Лукашэнка чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Эўразьвяз, таму што іх туды «пазвалі», у Беларусі іх «лавіць ня будуць».
Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Умовы польскага боку
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
26 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда па выніках сустрэчы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, якая адбылася ў Пэкіне, адзначыў, што «гібрыдная атака» на беларуска-польскай мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». Днём раней МЗС Кітаю заявіў, што разьлічвае на паважлівыя ўзаемаадносіны Польшчы і Беларусі і вырашэньне праблемы на мяжы «шляхам кансультацый».
Па словах кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага, Варшава разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — для грузаў, але не людзей.
Паводле яго, ад Беларусі залежыць, ці хоча яна мець лепшыя ці горшыя добрасуседзкія адносіны з Польшчай.
«У нас ёсьць асноўныя патрабаваньні: павінен выйсьці Анджэй Пачобут і павінна скончыцца акцыя сілавога высыланьня мігрантаў», — заявіў Сікорскі.
Форум