Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыране зьняпраўдзілі заявы ўладаў пра аднаўленьне падачы вады ў горадзе

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праблемы ў Мазыры з электрычнасьцю і вадой працягваюцца.

Жыхары Мазыра ў інтэрнэце называюць непраўдзівымі сьцьвярджэньні ўладаў аб аднаўленьні водазабесьпячэньня ў горадзе. У тэлеграм-канале «МОЗЫРЬ» з амаль 18,5 тыс. падпісчыкаў людзі сталі абурацца інфармацыяй.

Абмен інфармацыяй пра ваду, як заўважыў «Позірк», там пачалі 16 ліпеня ў 22:34 пытаньнем аднаго з карыстальнікаў: «Дзе абяцаная вада? А сказалі, у горадзе ёсьць вада ва ўсіх».

На адсутнасьць вады ў Мазыры мясцовыя жыхары таксама скардзіліся ў вайбэр-чатах і на іншых інтэрнэт-пляцоўках.

«З нагоды адключэньня вады. Тэлефанавала толькі што. Сказалі, што ўсё на генэратарах, вада зьнікла зноў па ўсім горадзе. Наладзіцца пытаньне са сьвятлом — будзе і вада. Чакаем», — напісала адна з карыстальніц.

Па звестках flagshtok, цяжкіх хворых з Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў вымушана адпраўляюць у Гомель.

Пасьля абурэньня мясцовых жыхароў мясцовыя ўлады ўсё ж прызналі, што праблемы з вадой застаюцца. Ваду ня могуць атрымаць людзі, якія жывуць на паверхах вышэй за трэці.

«Зьявіліся перабоі ў водазабесьпячэньні. Зьніжаны напор вады з прычыны яе максымальнага спажываньня. Працуюць усе 16 сьвідравін, але празь нізкі ціск вада не падымаецца ў дамы вышэй за 3 паверхі. Сытуацыя неўзабаве ўрэгулюецца», — паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Мазырскага райвыканкаму.

Мазыр і раён заставаліся без вады і электрычнасьці зь вечара 14 ліпеня, калі па поўдні Беларусі прайшоў ураган.

Аб аднаўленьні падачы вады ў Мазыры заявіў увечары 16 ліпеня першы намесьнік міністра ў надзвычайных сытуацыях Аляксандар Худалееў. Ён сказаў, што ў Мазыры задзейнічалі 200 генэратараў і 260 аварыйных брыгадаў.

У Гомельскім абласным выканаўчым камітэце тым часам заявілі, што поўнаму аднаўленьню электрычнасьці ў рэгіёне замінае навальніца. За ноч аднавілі электрычнасьць у 114 пунктах.

У асобных раёнах Гомельскай вобласьці работы вымушана прыпынілі праз навальніцу, якая пачалася раніцай. Пасьля таго, як яна супакоіцца, службы працягнуць пераадольваць наступствы непагадзі.

Праз навальніцы з залевамі і шквалістым ветрам 14 ліпеня электрычнасьць зьнікла ці была парушаная ў 1960 населеных пунктах Беларусі. Найбольш ад непагадзі пацярпелі Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Клімавіцкі, Петрыкаўскі, Жлобінскі, Быхаўскі, Чэрыкаўскі, Магілёўскі раёны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG