Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пасьля рашэньня Вярхоўнага суду можа адбыцца пералік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах


Выбарнік галасуе на выбарах прэзыдэнта Польшчы, 1 чэрвеня 2025 году. Архіўнае фота
Выбарнік галасуе на выбарах прэзыдэнта Польшчы, 1 чэрвеня 2025 году. Архіўнае фота

Вярхоўны суд Польшчы дазволіў пералік галасоў, пададзеных у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў. Мова ідзе пра трынаццаць выбарчых камісіяў, дзе былі выяўлены парушэньні пры падліку галасоў, паведамляе polskieradio24.pl.

«Вярхоўны суд сваім рашэньнем ад 11 чэрвеня 2025 году прыняў да разгляду доказы, атрыманыя падчас праверкі выбарчых бюлетэняў», — заявіў Вярхоўны суд.

У рашэньні пералічаныя камісіі, у якіх можа быць зроблены пералік галасоў. Гэта акруговыя камісіі ў Кракаве, Алесьне, Мінску-Мазавецкім, Стшэльцах Апольскіх, Грудзендзе, Гданьску, Бельска-Бялэй, Тарнуве, Катавіцы, Тыхы, Каменнай Гуры і ў Бжэсьці-Куяўскім.

Мэтай, паводле Вярхоўнага суду, зьяўляецца «вызначэньне колькасьці сапраўдных галасоў, пададзеных за асобных кандыдатаў на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Польшча ў галасаваньні, якое адбылося 1 чэрвеня 2025 году ў кожнай з вышэйзгаданых акруг».

Паводле зьвестак Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы, апублікаваных 2 чэрвеня, Караль Наўроцкі абраны новым прэзыдэнтам краіны. Ён набраў 50,89% галасоў, ягоны супернік у другім туры выбараў Рафал Тшаскоўскі — 49,11%. Яўка ў другім туры склала 71,63%.

  • У першым туры выбараў Тшаскоўскі набраў 31,36 працэнта галасоў, а Наўроцкі — 29,54 працэнта.
  • Прэзыдэнт Польшчы абіраецца на пяць гадоў, уплывае на замежную палітыку, прызначае ўрад і мае статус галоўнага вайскавода. Кіраўнік выканаўчай улады ў Польшчы — прэмʼер-міністар.
  • Караль Наўроцкі працуе дырэктарам Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы. Наўроцкага падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і ягоная партыя «Права і справядлівасьць», але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтаваў сам сябе.
  • Рафал Тшаскоўскі — мэр Варшавы, кандыдат ад партыі «Грамадзянская плятформа», якая ўваходзіць ува ўрадавую кааліцыю, яго актыўна падтрымліваў прэм’ер Дональд Туск.




Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG