Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі на 17 ліпеня


Сьпёка. Ілюстрацыйнае фота
Сьпёка. Ілюстрацыйнае фота

Чакаюцца шквалісты вецер і навальніцы.

«17 ліпеня (серада) ноччу і раніцай у многіх раёнах рэспублікі, днём па ўсходзе чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15–20 м/с», — паведамілі ў Белгідрамеце.

Удзень на большай частцы Беларусі максымальная тэмпэратура паветра дасягне +30–34°С, па паўднёвым усходзе месцамі +35–36°С.

У Менску 17 ліпеня ноччу і раніцай чакаецца навальніца, месцамі па горадзе моцныя залевы. У дзённы час максымальная тэмпэратура паветра дасягне +30°С.

МНС працягвае ліквідаваць наступствы непагадзі

16 ліпеня ратавальнікі працягваюць ліквідацыю наступстваў непагадзі, якая абрынулася на краіну 14 ліпеня. Паводле ўдакладненых зьвестак, у выніку праходжаньня 14 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 29 м/с пацярпелі 594 населеныя пункты ў 33 раёнах Беларусі, паведамляе МНС Беларусі.

Найбольш складанае становішча — у Гомельскай вобласьці. Тут шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэваў і пашкодзіў высакавольтныя лініі электраперадач. Для таго каб работнікі Белэнэрга маглі дабрацца да месцаў пашкоджаньняў, ратавальнікі разам зь іншымі спэцыялістамі расчышчаюць завалы і забясьпечваюць асьвятленьне работы аварыйных брыгад уначы.

Ратавальнікі дастаўляюць насельніцтву ваду. У пастаянным рэжыме працуюць генэратары МНС для забесьпячэньня электраэнэргіяй крытычна важных аб’ектаў. У ліквідацыі наступстваў ветру задзейнічалі больш за 100 адзінак тэхнікі і 200 чалавек МНС. Аднаўленчыя працы на прамысловых, сельскагаспадарчых і сацыяльных абʼектах вядуць больш за 30 будаўнічых брыгадаў. У Рэчыцкі раён у аздараўленчы лягер выяжджала група псыхолягаў МНС для працы зь дзецьмі і работнікамі лягера, дзе ад падзеньня дрэва загінула адно дзіця і пацярпелі яшчэ чацьвёра.

У Менскай вобласьці 15 ліпеня з прычыны навальнічнага фронту з парывамі ветру да 24 м/с у мястэчку Халопенічы Крупскага раёну пашкодзіла шыфэрныя дахі 115 прыватных і 2 шматкватэрных жылых дамоў, 8 абʼектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэньня. Ратавальнікі расьпілавалі і прыбралі 9 дрэваў. Пацярпелых няма.

Рэкамэндацыі МНС у выпадку сьпёкі:

  • як мага менш знаходзіцца на сонцы, асабліва ў пэрыяд яго максымальнай актыўнасьці — з 12.00 да 16.00;
  • карыстацца галаўнымі ўборамі, парасонамі, насіць лёгкае адзеньне з натуральных тканін і не забываць пра сонцаахоўны крэм;
  • ужываць як мага больш вадкасьці (ваду, зялёную гарбату, квас), пажадана адмовіцца ад ужываньня алькаголю;
  • па магчымасьці абмежаваць паездкі на аўтамабілі; ніколі не пакідаць дзяцей у салёне прыпаркаванага аўтамабіля;
  • адпачываць ля вады на спэцыяльна абсталяваных пляжах, дзе дзяжураць ратавальнікі;
  • наведваць лясы толькі пры адсутнасьці забароны на наведваньне, разводзіць вогнішчы толькі ў спэцыяльна адведзеных месцах, на бясьпечнай адлегласьці ад будынкаў і дрэваў, не пакідаць агонь без нагляду.

У непагадзь:

  • па магчымасьці не выходзіць з дому \ будынка, трымацца далей ад вокнаў;
  • максымальна адключыць электрапрыборы;
  • тым, хто на вуліцы, ня варта хавацца пад дрэвамі, за рэклямнымі шчытамі, прыпынкамі і будынкамі, бо магчыма падзеньне шыфэру і іншых дахавых матэрыялаў; варта трымацца далей ад разнастайных збудаваньняў падвышанай рызыкі (мастоў, ліній электраперадач і інш.);
  • аўтамабілістам рэкамэндуюць спыніць рух і зачыніць вокны, пры магчымасьці — паставіць аўтамабіль у гараж.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG