11 ліпеня набыў моц закон, які дазваляе бацькам самім здаваць дзяцей у спэцшколы. Раней гэта магчыма было толькі па рашэньні суду.
Новаўвядзеньне ўносіць зьмены ў заканадаўства аб спэцыяльных закрытых школах і вучэльнях, куды падлеткі ўжо з 11 гадоў могуць трапіць за правапарушэньні і злачынствы. Цяпер дзяржаўным органам будзе прасьцей адправіць туды дзіця, зрабіць гэта змогуць нават бацькі па заяве ў тым выпадку, калі дзіця ўжывае наркотыкі, алькаголь, таксычныя і іншыя рэчывы.
Што такое спэцшколы і дзе яны ёсьць у Беларусі
Спэцшколы — гэта закрытыя школы і закрытыя прафэсійна-тэхнічныя вучэльні. У іх дзеці і падлеткі асвойваюць школьную праграму і абавязкова атрымліваюць прафэсію.
- Зараз у Беларусі працуе адна спэцыяльная школа закрытага тыпу ў Магілёве і тры вучэльні закрытага тыпу. Адно зь іх для дзяўчат — Петрыкаўская спэцыяльная ПТВ № 1 лёгкай прамысловасьці.
- Яшчэ дзьве для хлопчыкаў — Магілёўская дзяржаўная спэцыяльная ПТВ № 2 дрэваапрацоўкі і Крывіцкая спэцыяльная лячэбна-выхаваўчая ПТВ № 3. У закрытыя школы могуць накіроўваць дзяцей з 11 да 14 гадоў. У вучэльні — з 11 да 17 гадоў.
- У спэцвучэльні ў Крывічах утрымліваецца 70-80 падлеткаў ва ўзросьце ад 12 да 18 гадоў. Падлеткаў, якія папаліся на хуліганстве ці ўжываньні алькаголю, вучаць тут рабочым спэцыяльнасьцям — на аўтамэханікаў, будаўнікоў.
- У Магілёве ў спэцПТВ трымаюць тых, каго злавілі за крадзяжы, хуліганства, ці тых, хто ўцякаў з дому. Тут жывуць прыблізна 60-70 падлеткаў.
- У Петрыкаве ў спэцПТВ утрымліваюцца каля 40 дзяўчат, якім ад 12 да 18 гадоў. Дзяўчатак вучаць шыць.
Распарадак у спэцшколах і спэцПТВ нагадвае турэмны. Дзеці могуць атрымліваць лісты і перадачы з дому, але ўсе рэчы і лісты правяраюцца выхавальнікамі, пры размовах з бацькамі прысутнічае супрацоўнік. Падлеткі жывуць паводле строгага раскладу, апранаюцца ў аднолькавую форму, працуюць за невялікія грошы, ходзяць строем. Тэрыторыю пакідаць нельга.
«Прастора для маніпуляцый»
Марыя (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) да пэнсіі працавала як прыёмная маці. Празь яе прайшлі дзясяткі дзяцей, у тым ліку тыя, хто паходзіў зь дзіцячых дамоў і спэцшколаў. Марыя кажа, што практычна ўсе такія дзеці былі «цяжкімі». Паводле яе назіраньняў, каля 80% дзяцей у асацыяльных сем’ях, дзе злоўжывалі алькаголем, ці дзіцячых дамах, спэцшколах перажылі сэксуальны гвалт. Гэта адбівалася на іхных паводзінах і псыхічным стане.
Пэдагог лічыць, што новы закон створыць прастору для шматлікіх маніпуляцый. Напрыклад, цяпер бацькоў могуць прымусіць здаць дзіця ў спэцшколу, пагражаючы тым, што калі бацькі не здадуць самі, то іх паставяць на ўлік як сям’ю ў «сацыяльна небясьпечным становішчы», дзіця забяруць органы, а бацькі будуць вымушаныя плаціць 75% заробку на ўтрыманьне дзяцей. На думку Марыі, такі закон цалкам здымае адказнасьць са школаў.
«Быў выпадак, дзяўчынка не хацела хадзіць у школу. Тут трэба было разабрацца, чаму. Але ніхто не разьбіраўся. Маці паставілі ў „сацыяльна небясьпечнае становішча“, дзяўчынку забралі ў прытулак», — расказвае суразмоўца.
Марыя лічыць, што пасьля прыняцьця новаўвядзеньня можна чакаць злоўжываньня ім.
«Ёсьць цяжкія падлеткі, напрыклад. Школа не дае ім рады. Ну дык будуць здаваць у спэцшколы рукамі бацькоў. Напрыклад, у законе напісана, што падлетка мусяць злавіць на гарачым, зь півам, скажам. Падпільнаваць падлетка зь півам пры жаданьні можна. І ўключыць шантаж для бацькоў: ці самі яго ў спэцшколу, ці мы здадзім. І тады вы будзеце плаціць. Прычына тут такая, што цяпер школы проста не спраўляюцца зь дзецьмі. Бо няма прафэсіяналаў. Ці прафэсіяналы тыя псыхолягі, якія толькі скончылі ўнівэрсытэт і прыйшлі па разьмеркаваньні працаваць за капейкі?» — рытарычна пытаецца Марыя.
Суразмоўца таксама лічыць, што сыстэма адукацыі Беларусі цяпер у стане дэградацыі, а пэдагогі і нават дырэктары школаў часам ня ўмеюць працаваць зь «цяжкімі» падлеткамі.
«Была нядаўна сьведкай такой сытуацыі. Падлетак кінуў урокі, ідзе са школы. Дырэктар пытаецца: „Ты куды?“, той жа проста яго „паслаў“ і пайшоў. Таму такі закон разьвяжа рукі школе і здыме зь яе адказнасьць», — дадала пэдагог.
«Нічога добрага ў спэцшколе дзіця не чакае»
Падлеткавы псыхоляг Вольга (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) разважае, што новы закон прыняты для таго, каб спрасьціць працэс трапляньня дзяцей у спэцустановы. Паводле суразмоўцы, з аднаго боку, гэта выглядае як клопат. Раней была складаная працэдура, дзяцей ставілі на школьны ўлік, потым — у камісію ў справах непаўналетніх. Накіраваньне ў спэцшколы было скрайняй мерай. Цяпер жа накіраваньне ў спэцшколы можа прымяняцца часьцей.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу на тое, што накіроўваць дзяцей у спэцшколы цяпер могуць ня толькі бацькі, але і апекуны, гэта значыць прыёмныя бацькі, блізкія сваякі ці дырэктары ўстаноў, дзе вучацца сіроты.
«Калі самі родныя бацькі адпраўляюць падлетка ў такую ўстанову, то, зразумела, гэта ні да чога добрага не прывядзе — ні да перавыхаваньня падлетка, ні да наладжваньня стасункаў. Калі яны прымуць такое рашэньне — гэта здрада на ўсё жыцьцё. Людзі, якія мусяць цябе абараняць, здалі цябе ў спэцшколу. Калі органы адпраўляюць дзіця — гэта адно. Бацькі застаюцца яго прадстаўнікамі, яны могуць стаць яго падтрымкай, апорай. Яны могуць сказаць: „Мы побач, мы чакаем, у цябе ёсьць шанец усё зьмяніць“. Калі ж яны самі такое зрабілі, тут ня можа быць гаворкі пра перавыхаваньне. Тут верыць у нешта іншае ў гэтым жыцьці такое дзіця наўрад ці будзе, калі самы блізкі чалавек табе здрадзіў», — тлумачыць псыхоляг.
Суразмоўца таксама кажа, што фармулёўкі новага закону гучаць «цікава» — перавыхаваньне, рэабілітацыя і гэтак далей. Але на практыцы ў спэцшколах усё можа быць іначай.
«Уявіце, які там кантынгент, што яны пасьпелі пабачыць у сваім кароткім жыцьці. Паміж сабой там будзе такое, што старэйшыя будуць зьдзекавацца, іншыя будуць „ахвярнымі казламі“, і ўсё тое, за што іх накіравалі — цыгарэты, наркотыкі, алькаголь, сэкс — усё там будзе. Гэта проста турма для дзяцей. Бо ў спэцшколы накіроўваюць дзяцей, для якіх не наступіў узрост крымінальнай адказнасьці. Гэта такая міні-турма, з усімі наступствамі», — кажа Вольга.
Яна дадае, што бацькі ня могуць проста так здаць дзіця ў спэцустанову. Яны мусяць мець доказы адпаведных паводзінаў.
«Але наколькі гэта ў нашай краіне чыста і празрыста можа быць, вялікае пытаньне», — дадала псыхоляг.
Форум