Паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, пажылога мужчыну насьмерць прыціснула дрэвам у Сьветлагорску.
Паводле дадзеных сьледзтва, увечары 14 ліпеня ўраган засьпеў 90-гадовага мужчыну па дарозе дадому. Моцныя парывы ветру павалілі дрэва проста на пэнсіянэра. Ад атрыманых траўмаў ён памёр у шпіталі.
Таксама сёньня стала вядома, што на Магілёўшчыне 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка з мамай і цёткай накіроўваліся на электрычку да чыгуначнага прыпыначнага пункту «Тэкстыльшчык». Раптам у дарозе іх засьпела непагадзь. Ад ветру падалі дрэвы, пад адным зь якіх апынуліся жанчыны і дзяўчынка, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі.
Ад удару маці дзяўчынкі страціла прытомнасьць, малую прыціснула ствалом. Другая жанчына абышлася нязначнымі ўдарамі і пачала выцягваць пацярпелых з-пад дрэва, а затым выклікала «хуткую». Дзіця памерла ў машыне хуткай дапамогі.
Раней стала вядома, што ад стыхіі ў Беларусі загінулі тры чалавекі. У кемпінгу «Клёвае месца» каля вёскі Кучкі на Вілейскім вадасховішчы — 35-гадовы мужчына, пад Менскам — дзяўчына, якая вярталася з пляжу, а ў летніку ў Рэчыцкім раёне — 13-гадовы хлопчык.
Парывы ветру дасягалі 29 м/с
У МНС раней расказалі пра наступствы шторму ў Беларусі: з прычыны непагадзі ў краіне загінулі чатыры чалавекі, сярод іх двое дзяцей.
«Ад дрэў і элемэнтаў дахаў, якія ўпалі, загінулі чатыры чалавекі (зь іх двое дзяцей), траўмаваныя пяць чалавек (зь іх чатыры дзіцяці)», — расказалі ратавальнікі.
Ад непагадзі пацярпелі 268 населеных пунктаў, пашкоджаныя дахі 586 дамоў, 7 абʼектаў сацкультбыту і 146 сельскагаспадарчых будынкаў.
У Мінэнэрга паведамілі, што з прычыны непагадзі электразабесьпячэньне парушалася ў 1960 населеных пунктах краіны. Паводле зьвестак на раніцу 15 ліпеня, аднаўленчыя працы працягваюцца ў 1263 населеных пунктах.
Форум