Сьцісла:
- Заявы Лукашэнкі на адрас Украіны былі на рэдкасьць міралюбныя.
- Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў адзначыў, што Беларусь гатовая да дыялёгу з Польшчай, каб разрадзіць абстаноўку на мяжы.
- Да зьняцьця напружаньня на беларуска-польскай мяжы афіцыйны Менск моцна стымулюецца Кітаем.
- Новы міністар замежных спраў хацеў бы пачаць адносіны з Захадам «з чыстага аркуша».
- Мадэль крэпасьці ў аблозе, «жалезная заслона» на заходняй мяжы — ня надта вялікае дасягненьне, зь якім можна ісьці да выбарцаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі.
- Аднак у афіцыйнага Менску і Захаду розны парадак дня магчымых перамоваў.
Пасьля пагрозы на адрас Украіны ўжыць ядзерную зброю, якая прагучала ў выступе Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці 2 ліпеня, сытуацыя неяк нечакана і радыкальна памянялася.
13 ліпеня Лукашэнка наведаў вайсковую частку ў Лунінецкім раёне і паўстаў там у выглядзе «голуба міру». Ягоныя развагі былі на рэдкасьць міралюбныя. Ён заявіў пра ліквідацыю напружанасьці на мяжы з Украінай: «Цяпер у нас ускладненьняў ніякіх няма з украінцамі. І я спадзяюся, што і ня будзе... Мы ніякія ня ворагі для ўкраінцаў. Я ўжо шмат разоў казаў. Гэта нашы людзі. Такія ж людзі, як мы, як расейцы. Нам трэба хутчэй дамаўляцца. Аказваецца, можна дамовіцца. Але галоўнае, трэба размаўляць. Калі няма дыялёгу, размовы — гэта будзе эскаляцыя і будуць гінуць людзі».
Такога міралюбства на адрас Украіны Лукашэнка не дэманстраваў з пачатку расейскай агрэсіі. Ягоную рыторыку тут жа падтрымалі сілавікі. Міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў пра неадкладны вывад «войскаў узмацненьня паўднёвага напрамку зь мяжы з Украінай». Старшыня КДБ Іван Тэртэль адзначыў, што «ўкраінскі бок паводзіў сябе стрымана», гаварыў пра дэманстрацыю «нашай міралюбнай пазыцыі».
У панядзелак 15 ліпеня тэму неабходнасьці нармалізаваць адносіны з суседзямі працягнуў новы міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў. Ён заявіў журналістам, што Беларусь гатовая да дыялёгу, каб разрадзіць абстаноўку на мяжы з Польшчай: «Нядаўна кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў польскаму боку (і гэтая пазыцыя была даведзеная да часовага паверанага ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь): мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, для таго каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы... Мы прапануем любым іншым арганізацыям, прадстаўнікам краінаў ЭЗ, якія тут знаходзяцца, таксама прыехаць на мяжу, паглядзець, пагаварыць, падыскутаваць, намеціць нейкія пляны».
Адначасова БелТА прыводзіць заяву часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША Паўла Шыдлоўскага, які адзначыў, што «Беларусь гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяньня са Злучанымі Штатамі Амэрыкі».
Гэты каскад заяваў, скіраваных на нейкую разрадку напружанасьці з Украінай і Захадам, наўрад ці можна лічыць выпадковым. Да гэтага трэнду варта далучыць і нечаканае вызваленьне каля двух дзясяткаў палітвязьняў.
З чым зьвязаныя гэтыя крокі? Тут дзейнічаюць некалькі чыньнікаў, некаторыя зь якіх ляжаць на паверхні.
Што тычыцца зьняцьця напружаньня на беларуска-польскай мяжы, дык тут афіцыйны Менск атрымлівае моцны стымул з боку Кітаю. Заклік Пэкіну да паразуменьня паміж Беларусьсю і Польшчай беларускія ўлады ня могуць ігнараваць.
Другі чыньнік зьвязаны з пачаткам прэзыдэнцкай кампаніі. Мадэль крэпасьці ў аблозе падабаецца далёка ня ўсім беларусам, нават дзейным ці патэнцыйным прыхільнікам Лукашэнкі. «Жалезная заслона» на заходняй мяжы — ня надта вялікае дасягненьне, зь якім можна ісьці да выбарцаў.
Апроч таго, у Беларусі зьявіўся новы міністар замежных спраў. «Новая мятла» хацела б месьці па-новаму. Маўляў, ёсьць шанец пачаць адносіны з Захадам «з чыстага аркуша». Рыжанкоў — чалавек з амбіцыямі. У размове з журналістамі, якую перадае БелТА, міністар ускосна скрытыкаваў ранейшае кіраўніцтва МЗС: «Раней мы, можа, нават не ўяўлялі, наколькі шматгранным і рознабаковым яно (супрацоўніцтва. — РС) можа быць, калі гэтым сур’ёзна займацца. Сёньня ёсьць усе магчымасьці і гатоўнасьць нашых партнэраў да разьвіцьця ўзаемавыгадных сувязяў і кантактаў нават па тых кірунках, якім калісьці мы не надавалі сурʼёзнага значэньня». Іншымі словамі, Рыжанкоў намякае, што вось я пакажу, як трэба працаваць. Паглядзім...
Відаць, ёсьць чыньнікі, якія не ляжаць на паверхні. Некаторыя назіральнікі мяркуюць, што ўзьніклі пэўныя праблемы ў адносінах з Расеяй. Вонкавых прыкметаў такіх праблемаў не відаць. Аднак у мінулым, як толькі ў дачыненьнях Менску і Масквы ўзьнікала напружаньне, то кіраўніцтва Беларусі рабіла нейкія сымбалічныя жэсты ў бок Захаду.
Зрэшты, у любым выпадку працэс размарожваньня адносінаў Беларусі з Захадам ня можа быць просты. Гэтаму замінае і падтрымка беларускім рэжымам расейскай агрэсіі супраць Украіны, і каля паўтары тысячы палітвязьняў, і працяг палітычных рэпрэсій.
У той жа прапанове Рыжанкова да Варшавы пачаць дыялёг бачыцца, што бакі ня чуюць адзін аднаго. Польшча патрабуе спыніць мігранцкія атакі на мяжы, выдаць таго мігранта, які забіў польскага жаўнера, вызваліць Анджэя Пачобута. Менск нічога не адказвае на гэтыя патрабаваньні, а кажа: давайце пачнём нейкі абстрактны дыялёг. Пра што? Калі бакі бачаць розны парадак дня перамоваў, то плён ад іх невялікі.
Захад чакае ад беларускага кіраўніцтва ня заклікаў да дыялёгу, а дзеяньняў. А іх пакуль няма.
Форум