Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў непагадзь два чалавекі загінулі пасьля падзеньня дрэваў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Стыхія, якая абрынулася на розныя рэгіёны Беларусі напярэдадні, прывяла да некалькіх сьмерцяў і раненьняў людзей.

Два чалавекі загінулі і сямёра, у тым ліку чацьвёра непаўналетніх, пацярпелі 13 ліпеня ў выніку руху актыўнага навальнічнага фронту, які суправаджаўся парывамі ветру да 22 м/с. Такія зьвесткі паведамляе штодзённая зводка МНС.

У лясным масіве на беразе Вялейскага вадасховішча, на тэрыторыі кемпінгу «Клёвае месца», упала дрэва і сьмяротна траўмавала грамадзяніна 1989 году нараджэньня, які працаваў апэратарам ТАА «Табак-Инвест».

У выніку падзеньня дрэва каля каналу Сьляпянскай воднай сыстэмы ў Менску, які ідзе ад вуліцы Мірашнічэнкі да Цнянскага вадасховішча, загінула грамадзянка 1998 году нараджэньня, а яе сяброўка 1999 г. н. шпіталізаваная.

Яшчэ некалькі чалавек у розных мясцовасьцях краіны траўмаваныя.

Праз парыў ветру з адміністрацыйнага будынку ў Менску па вуліцы Куйбышава, 45 (тэрыторыя завода «Гарызонт») упала шкло, аскепкамі якога траўмаваныя грамадзянка 1999 г. н. і яе брат 2007 г. н. Галінкай дрэва ў лесапаркавай зоне каля Камсамольскага возера ў Менску траўмаваны хлопчык 2015 г. н. На вуліцы Маласерабранскай, таксама ў Менску, ад парыву ветру абрынулася частка мураванай сьцяны прыватнага жылога дому. Элемэнтамі будаўнічых канструкцыяў траўмаваны грамадзянін 1990 г. н., які дэмантаваў сьцяну, ён шпіталізаваны.

У выніку парыву ветру ва Ўзьдзе Менскай вобласьці на бульвары Дзяржынскага на дзяўчынку 2021 г. н. перакуліўся надзіманы атракцыён, дзе на вышыні каля 6 мэтраў быў хлопчык 2018 г. н. Дзеці з траўмамі рознай ступені цяжкасьці шпіталізаваныя.

14 ліпеня сыноптыкі абяцаюць высокія тэмпэратуры. Да 36 градусаў цяпла з кароткачасовымі дажджамі па ўсёй тэрыторыі краіны. Такая сьпёка, як папярэджваюць у МНС, можа стаць прычынай парушэньня электразабесьпячэньня, узьнікненьня лясных пажараў і гэтак далей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG