Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьпёкі на Беларусь абрынуліся ўраганы. У Менску загінула дзяўчына, парушана энэргазабесьпячэньне ў 452 населеных пунктах


Наступствы ўрагану у Беларусі. Архіўнае фота
Наступствы ўрагану у Беларусі. Архіўнае фота

Пасьля экстрэмальнай сьпёкі на Беларусь абрынуліся ўраганы. У Менску вецер ламаў і вырываў з каранямі дрэвы.

У выніку падзеньня дрэва ад шквалістага ветру ў раёне Цнянскага вадасховішча загінула дзяўчына, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Вядома аб пацярпелых у Менску і Ждановічах.

У выніку падзеньня дрэва на Цнянскім вадасховішчы пацярпелі тры чалавекі. Брыгады хуткай дапамогі шпіталізавалі двух пацярпелых. «На жаль, у выніку падзеньня дрэва ў раёне Цнянкі загінула дзяўчына», — паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У Ждановічах ад падзеньня дрэва пацярпела дзіця. Яно шпіталізаванае ў РНПЦ нэўралёгіі і нейрахірургіі.

А ў цэнтры Менска з прычыны падзеньня шкла праз парывы ветру каля завода «Гарызонт» пацярпеў 24-гадовы малады чалавек і падлетак. Яны былі шпіталізаваны.

Акрамя таго, з прычыны моцнага ветру ў Менску ўпала цагляная сьцяна. Пацярпелы хлопец шпіталізаваны, у яго чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, закрытая траўма грудной клеткі, траўма жывата, пераломы касьцей. Мэдыкі зараз аказваюць усю неабходную дапамогу пацярпелым, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Як паведамляе Белсат, ураган разьнёс кемпінг на беразе Вялейскага вадасховішча. У суботу, 13 ліпеня, у Беларусі назіраюцца залевы і моцны вецер. Паводле зьвестак Белгідрамета, навальніцы ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны павінны працягнуцца прыкладна да 21.00. У прагнозе былі моцныя залевы, град і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15-20 м/с, у асобных раёнах 21-24 м/с.

З прычыны непагадзі — шквальнага ветру і навальніцы — на 19 гадзін 13 ліпеня было парушана энэргазабесьпячэньне ў 301 населеным пункце, вынікае з паведамленьня канцэрна «Белэнэрга». Паводле інфармацыі Міністэрства энэргетыкі, усяго пацярпелі 452 населеныя пункты, паведамляе “Позірк”.

Найбольш складаная сытуацыя ў Горадзенскай і Менскай абласьцях. Над устараненьнем аварыйных адключэньняў працуюць 65 брыгад, задзейнічана 63 адзінкі спэцыяльнай тэхнікі.

«Улічваючы неспрыяльны прагноз надвор’я на бягучыя суткі, энэргетыкі ажыцьцяўляюць пастаянны маніторынг апэратыўнай абстаноўкі, каб неадкладна рэагаваць на няштатныя сытуацыі, якія ўзнікаюць», — зазначаецца ў прэс-рэлізе «Белэнэрга».

Увечары 13 ліпеня навальніцы назіраюцца ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны. На 14–16 ліпеня таксама прагназуюцца дажджы з навальніцамі. Пры гэтым на поўдні пануе вельмі сьпякотнае паветра. Днём 13 ліпеня тэмпэратура там перавысіла 37-градусную адзнаку, перакрыты гістарычны максымум дня для ўсёй тэрыторыі Беларусі. 14 ліпеня ў паўднёвых раёнах прагназуецца да 36 градусаў, 15-га — да 34, 16-га — да 33 градусаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG