На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае старшыня Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.
— Якія першыя крокі на пасадзе сьпікеркі КР вы зьбіраецеся зрабіць?
— Нашы першыя крокі — гэта выпрацоўка рэглямэнту адносінаў паміж Каардынацыйнай радай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам і офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Другі, вельмі важны трэк, які мы для сябе вызначылі, — гэта наша праца з парлямэнтамі краін-партнэраў, зь міжпарлямэнцкімі арганізацыямі, такімі як Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, Эўрапарлямэнт.
Ёсьць прапанова некалькіх сьпісаў у КР ініцыяваць слуханьні па Беларусі ў парлямэнтах некаторых краінаў. Размова ідзе пра Польшчу, Літву, Эстонію, Чэхію.
Наша ўнутранае пытаньне, якое таксама будзем вырашаць ужо на наступным тыдні, — гэта фармаваньне профільных камісіяў Рады.
— У праграме, зь якой вы ішлі ў сьпікеркі, першым пунктам было — дапамагаць беларусам, вырашаць праблемы беларусаў. Вось дзеля гэтага — што вы зьбіраецеся рабіць найперш?
— Міжнародныя сустрэчы — гэта пра вырашэньне праблемаў беларусаў у тым ліку. На перамовах з польскімі ўладамі мы вырашалі і пытаньні легалізацыі, і пытаньні дапамогі ўразьлівым групам насельніцтва. Такія сустрэчы — гэта ня проста пацісканьне рук, на гэтых сустрэчах вызначаецца стратэгія дапамогі Беларусі. Гэта і праграмы мабільнасьці, і падтрымка СМІ, бізнэсу, адукацыі, нацыянальнага адраджэньня. Такія сустрэчы — гэта абарона іміджу беларусаў, якія ня тоесныя рэжыму.
— Кіраўніца сьпісу «Наша справа» Роза Турарбекава прапанавала вам сысьці з пасады каардынатаркі праектаў у НАУ, каб не ствараць канфлікту інтарэсаў. Вы сыдзеце? Калі не, то чаму?
— Дзякуй спадарыні Турарбекавай за прапанову. Але рашэньне я буду прымаць сама. Калі пытаньне ўзьнікла, я разгледжу магчымасьць сыходу з НАУ. Але я ў сумяшчэньні ня бачу канфлікту інтарэсаў з прафэсійнага альбо этычнага пункту гледжаньня. У нас агульныя меты. Давайце ня будзем забываць пра гэта. НАУ — гэта не АПК. Рэглямэнт не парушаецца, калі я буду сумяшчаць пасады ў Радзе і ў НАУ. Я не падпарадкаваная Латушку, у НАУ я ажыцьцяўляю праектны мэнэджмэнт. Пра які супярэчнасьці сёньня ідзе гаворка? Хіба ў кагосьці іншыя мэты?
— У інтэрвію НН вы сказалі: «І я падумала, што Латушка дапаможа навесьці шораху ў Каардынацыйнай радзе ў пазытыўным сэнсе». Якой менавіта дапамогі ад яго ў «навядзеньні шораху» у КР вы чакаеце? Ці чакаеце вы дапамогі ў «навядзеньні шораху» таксама ад Ягорава, Турарбекавай, Пракопчык?
— Я чакаю дапамогі ў гэтым ад усіх актыўных чальцоў КР.
— Але ад Латушкі — больш?
— У Латушкі ёсьць выдатны, унікальны досьвед кіраваньня, прычым дзяржаўнага кіраваньня, ён вельмі добра ведае, як арганізаваць працу. Паверце, у НАУ праца арганізаваная вельмі добра. І калі ён прынясе гэты досьвед у КР, гэта прынясе ёй толькі карысьць. Я зь вялікай павагай стаўлюся да тых, хто раней працаваў у Радзе. Я чакаю канструктыўнай крытыкі і прапановаў ад усіх. Калі ласка, рабіце свае прапановы, калі ласка, працуйце.
— Ці будзеце вы ініцыяваць слуханьні чальцоў АПК напярэдадні сёлетняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь», як вам прапаноўвалі падчас абмеркаваньня вашай кандыдатуры?
— Калі гэта прапаноўвалі мне падчас абмеркаваньня маёй кандыдатуры, я яшчэ не была сьпікеркай. Цяпер я ёю зьяўляюся. І мой адказ: справаздачы чальцоў АПК перад КР — гэта добрая практыка, і калі мы зможам пасьпець да пачатку сёлетняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь», то гэта будзе добра. Ёсьць нават думкі, што можна правесьці гэтыя слуханьні нават падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь».
— Яшчэ вашыя словы з інтэрвію НН: «Я бачу пэрспэктыву разьвіцьця Каардынацыйнай рады як інстытуту, альтэрнатыўнага парлямэнту Лукашэнкі». За дэлегатаў КР галасавалі 6723 беларусы, пераважна з дыяспары. КР не прымае законаў, абавязковых для выкананьня кім бы там ні было. Дык як такі орган можа быць альтэрнатывай парлямэнту Лукашэнкі?
— Выбары ў КР — гэта быў гістарычны момант. Людзі, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні — гэта вельмі мужныя людзі. Нават у дыяспары многім было страшна галасаваць. Што да законаў, то я выступаю за павелічэньне, за ўзмацненьне ролі КР паміж іншымі інстытутамі, якія існуюць. Прынамсі ў адным мы зьяўляемся альтэрнатывай парлямэнту Лукашэнкі. За нас галасавала каля 7 тысячаў грамадзянаў Беларусі. А за іх — ніводзін, яны ўсе прызначаныя Лукашэнкам. Калі мы зробім сваю працу добра, у наступных выбарах у КР возьме ўдзел нашмат больш людзей.
— Адзін з пунктаў вашай праграмы — пашырэньне паўнамоцтваў КР. За кошт чаго (каго) і ў якой форме?
— Мы зараз працуем над мэмарандумам аб супрацы паміж КР, АПК і офісам Ціханоўскай. Я хацела б, каб у ім было зафіксаванае пашырэньне паўнамоцтваў Рады, у тым ліку і ва ўзгадненьні прызначэньня чальцоў АПК.
— Напярэдадні абмеркаваньня кандыдатураў «Блёк Пракоп’ева — Ягорава» заявіў, што «дзеяньні фракцыі Паўла Латушкі вядуць да ліквідацыі незалежнасьці Каардынацыйнай рады і яе падпарадкаваньня Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанаму пераходнаму кабінэту пад яе кіраўніцтвам». Вы — чалец сьпісу Латушкі. Гэтая крытыка несправядлівая? А чым, дарэчы, кепскае такое падпарадкаваньне?
— Я ж кажу, што мы хочам заключыць пагадненьне з АПК і офісам Ціханоўскай пра пашырэньне паўнамоцтваў КР. Дык якое тут падпарадкаваньне Рады двум іншым інстытутам? Я сьпікерка ўсіх, хто працуе.
— Вы кажаце, што паміж дэлегатамі КР няма супярэчнасьцяў. Але многія ж чыталі вашы абмеркаваньні ў чаце КР. Там шаноўныя дэлегаты ледзь ня матам лаялі адзін аднаго, вось была гэтая заява «Блёку Пракопʼева — Ягорава» з абвінавачаньнямі на адрас сьпісу, па якім абіралі вас. Наяўнасьць супярэчнасьцяў відавочная для ўсіх. Але як вы для сябе ўсьведамляеце пазыцыю меншасьці, чаго яны насамрэч хочуць? Можа яны дурныя, а вы разумная. Але чаго яны пры гэтым хочуць, у чым нязгодныя з вамі?
— Мы пачынаем працу Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня ў вельмі няпростых абставінах. Не было прапісана, як мы павінны дзейнічаць у транзытны пэрыяд паміж другім і трэцім скліканьнямі. Таму былі канфлікты інтарэсаў, былі канфлікты, зьвязаныя з рэглямэнтам. Я ня бачыла, каб нехта быў супраць мяне, супраць маёй кандыдатуры.
— Яны былі ня супраць вас асабіста. Яны супраць таго падыходу, які вы ўвасабляеце.
— А які ў нас падыход? Гэта дэмакратыя. Мы перамаглі, нас большасьць. Мы ішлі на выбары са сваёй праграмай, і большасьць за нас прагаласавала. Раней іншыя людзі былі ў большасьці ў КР і рабілі тое, што лічылі патрэбным. А цяпер прыйшла нашая большасьць. І мы цяпер робім тое, што лічым разумным у адпаведнасьці з нашай праграмай.
— У чым вы гатовыя ісьці насустрач меншасьці ў КР?
— Большасьць працуе над рэалізацыяй сваёй праграмы. Хоць варта прыгадаць, што «Моладзевы наступ» пасьля выбараў прапанаваў стварыць працоўную групу па перапрацоўцы рэглямэнту. Гэта была выдатная прапанова, і ўсе зь ёю пагадзіліся. Калі прапанова добрая, нават і ад меншасьці, дык яна і прымаецца, і нават усімі. А наконт саступак... Якія саступкі? Мы ўсе ў роўных умовах, якія рэгулююцца рэглямэнтам. Сьпікер адзін нічога не вырашае. Сьпікер тушыць пажары, сьпікер забясьпечвае выкананьне рэглямэнту, камунікацыю паміж усімі сьпісамі, усімі структурамі КР. Вось у гэтым задача сьпікера.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум