Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала кіраўніка МЗС Польшчы Сікорскага падтрымаць «Белсат»


Студыя каналу «Белсат». Архіўнае фота
Студыя каналу «Белсат». Архіўнае фота

Працягнуць падтрымку «ўнікальнага тэлеканала „Белсат“» і захаваць яго незалежнасьць заклікала Сьвятлана Ціханоўская міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага падчас сустрэчы на палях саміту NATO ў Вашынгтоне.

Пра гэта паведаміў «Позірку» галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідэра Франак Вячорка.

Таксама яна зьвярнулася да суразмоўцы з просьбай зьмякчыць умовы правозу тавараў фізычнымі асобамі праз польска-беларускую мяжу, удакладніўшы апошнія інструкцыі на гэты конт. Кантроль стаў больш жорсткім у сувязі з новымі санкцыямі ЭЗ. Рэагуючы на выказваньні міністра аб магчымасьці закрыцьця мяжы для грузаперавозак, яна адзначыла важнасьць захаваньня пасажырскіх зносін паміж дзьвюма краінамі.

Ціханоўская папрасіла Сікорскага прадоўжыць выдачу візаў, у першую чаргу гуманітарных, а таксама візаў іншых тыпаў. Раней Польшча істотна скараціла колькасьць візаў беларусам.

Суразмоўцы абмеркавалі лёс актывіста Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў. Ціханоўская заклікала трымаць пытаньне на парадку дня і дабівацца вызваленьня ўсіх незаконна асуджаных у Беларусі.

Сярод іншага былі абмеркаваны бягучы саміт NATO, сумесныя мерапрыемствы ў час Генасамблеі ААН, а таксама правядзеньне польска-беларускай канфэрэнцыі ў пачатку наступнага году, зазначыў Вячорка.

Ціханоўская «падзякавала міністру за цьвёрдасьць і рашучасьць у дачыненьні да рэжыму, а таксама за падтрымку свабоднай Беларусі».

4 ліпеня стала вядома, што тэлеканал «Белсат» плянуецца ўключыць у склад новай мэдыяструктуры, якая ствараецца на базе польскага грамадзкага вяшчаньня (TVP) — Цэнтра замежных праграм (ЦЗП).

Прадугледжваецца, што ў склад ЦЗП увойдуць таксама расійскі канал «Вось Так» і «ўкраінская рэдакцыя», якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 года. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.

Ціханоўская наведвае Вашынгтон 9–12 ліпеня, дзе ўдзельнічае ў мерапрыемствах саміту NATO.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG