Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе на 87-м годзе жыцьця памерла беларусістка Францішка Сокалава


Францішка Сокалава
Францішка Сокалава

Францішка Сокалава была дачкой чэскага філёзафа, прафэсара Яна Патачкі, які быў адным з заснавальнікаў і маральным лідэрам «Хартыі-77». Прафэсар Патачка памёр падчас допыту ў службе бясьпекі сацыялістычнай Чэхаславаччыны. Яго імем названая адна з найбольшых вуліц Прагі.

Францішка Сокалава працавала ў Славянскай бібліятэцы ў Празе і прафэсійна цікавілася беларускай мовай, гісторыяй і культурай. Яна аўтарка навуковых артыкулаў пра дзейнасьць Францішка Скарыны і многіх перакладаў беларускай паэзіі на чэскую мову. Сярод тых, чые творы яна пераклала, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў.

Францішка Сокалава была вялікім сябрам беларусаў Чэхіі і брала ўдзел у многіх беларускіх грамадзкіх і культурных імпрэзах. У 1996 годзе падчас адкрыцьця ў Празе помніка Францішку Скарыну з удзелам міністра замежных спраў Беларусі Сянька і віцэ-прэм'ера Беларусі Русака яна арганізавала са сваімі чэскімі сябрамі акцыю пратэсту супраць задушэньня дэмакратыі ў Беларусі — прысутныя чэхі ўзьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі і закрычалі «Ганьба».

Разам са сваім мужам, міністрам адукацыі Чэхіі Янам Сокалам яна не аднойчы брала ўдзел ва ўшанаваньні памяці прэзыдэнтаў БНР на Ольшанскіх могілках у Празе ў дзень Волі 25 Сакавіка.

У 2017 годзе, ужо на інвалідным вазку, яна прысутнічала на адкрыцьці ў Славянскай бібліятэцы выставы ў гонар 500-годзьдзя выданьня ў Празе Бібліі Францішка Скарыны.

У апошнія гады Францішка Сокалава цяжка хварэла.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG