Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Паўднёвай Амэрыцы загарэлася найбуйнейшае балота Зямлі. Маштабы ахвяр і шкоды рэкордныя


Пажары на Пантанале
Пажары на Пантанале

Найбуйнейшае балота Зямлі — Пантанал у Паўднёвай Амэрыцы — ахоплена агнём. Жывёлы гінуць тысячамі, шпіталі перапоўненыя пацыентамі з рэсьпіраторнымі захворваньнямі.

У першым паўгодзьдзі плошча пажараў на Пантанале павялічылася на 1500% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году — і ўжо перавысіла ўзровень 2020 году, які называюць «годам полымя».

Сёлета згарэла ўжо больш за 760 тысяч гектараў, гэта каля 5% усёй плошчы балота, якое разьмешчана пераважна ў Бразыліі. Зялёны хмызьняк ператварыўся ў шэра-белы дыван попелу з гарэлымі дрэвамі.

Пра трагічную сытуацыю, у якой апынулася балота і яго насельнікі, піша The Guardian.

Пантанал — унікальная экасыстэма, тут прадстаўленыя звыш 2000 відаў расьлін і больш за 10 000 відаў жывёл, у тым ліку гіганцкія выдры, якія выміраюць, а таксама ўразьлівыя балотныя алені і гіяцынтавыя ара.

Валянтэры расказваюць, што бачылі «сотні і сотні мёртвых жывёлаў» толькі за апошні тыдзень. «Рэптыліі, зьмеі, жабы — усе жывёлы, якія ня ўмеюць бегаць, — у іх няма ніводнага шанцу», — кажа адзін з добраахвотнікаў, які ратуе жывёл ад агню. Малпы гінуць, удыхаючы дым, ягуары атрымліваюць цяжкія апёкі.

Мясцовыя шпіталі перапоўненыя пацыентамі з рэсьпіраторнымі захворваньнямі — больш за ўсё ад дыму пакутуюць дзеці да 5 гадоў і старыя. Улады спрабуюць тушыць агонь, але вецер разьдзімае яго зноў, кажуць мясцовыя жыхары.

У летні сэзон дажджоў Пантанал насычаецца вадой, а зімой высыхае. Аднак кліматычны крызіс парушыў гэтую сэзоннасьць: сёлета дажджоў на балоце выпала мала, а пажары пачаліся на месяц раней. З 1985 году Пантанал страціў ужо 68% сваёй плошчы. Экспэрты асьцерагаюцца, што 2024-ы стане самым разбуральным за апошнія дзесяцігодзьдзі.

«Пантанал робіцца ўсё сушэйшы і сушэйшы. Раней яго затапляла на паўгода, а цяпер — толькі на два-тры месяцы», — кажа Густава Фігейроа, біёляг з SOS Pantanal.

Больш за 90% тэрыторыі Пантаналу знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці — і ўладальнікі працягваюць падпальваць сухую расьліннасьць, каб расчысьціць зямлю для жывёлы. Так яны рабілі стагодзьдзямі. Але калі раней пажары стрымлівала назапашаная ў балоце вада, то цяпер агонь спыняць няма чаму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG