На мінулым тыдні цягам 33 гадзін Польшча фактычна блякавала рух на буйным чыгуначным тэрмінале ў Малашэвічах, на мяжы зь Беларусьсю. Фармальна гэта называлася «кантрольнымі захадамі», паведаміла польскае выданьне RMF FM.
Яшчэ 22 чэрвеня кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі заявіў, што Польшча можа цалкам закрыць мяжу для грузаў.
Гэта адбылося пасьля здарэньня на памежжы, калі мігрант сьмяротна параніў польскага вайскоўца. Варшава запатрабавала ад Менску выдаць нападніка, а таксама спыніць міграцыйны крызіс на мяжы і вызваліць журналіста Анджэя Пачобута.
Удар па Кітаю
Паводле спэцыяліста ў галіне лягістыкі Аляксея (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы дзеля яго бясьпекі. — РС), закрыцьцё тэрміналу ў Малашэвічах найперш ударыць па Кітаі.
«Гэты тэрмінал — найлепшы варыянт для кітайскага праекту „Адзін пояс, адзін шлях“. Празь яго найхутчэй можна дастаўляць грузы з Кітая ў Эўропу па чыгунцы. Гэта самы вялікі хаб для перавалкі кантэйнэраў. Для Беларусі, калі тэрмінал будзе закрыты, гэта спыненьне вялікай часткі транзыту на Захад», — гаворыць спэцыяліст.
Суразмоўца таксама адзначае, што беларуская чыгунка зарабляе на грузавых перавозках, пасажырскі паток не прыносіць прыбытку. Спыненьне транзыту — спыненьне самай вялікай крыніцы фінансаваньня.
«Гэта канец прытоку грошай для Беларусі. А „Беларуская чыгунка“ і так перажывае ня самыя лепшыя часы. Калі тэрмінал закрыюць, Кітаю давядзецца шукаць абыходныя шляхі, мець дадатковыя выдаткі на транспарт, а гэта падвысіць цану тавараў», — дадае спэцыяліст.
Праблем дадае і вайна ва Ўкраіне, якая зрабіла немагчымым выкарыстаньне яе тэрыторыі для транзыту тавараў з Усходу. У Кітая ёсьць альтэрнатыўныя шляхі — перавозіць грузы морам. Аднак перавозка праз тэрмінал у Малашэвічах займае ад 11 дзён да двух тыдняў, падлічвае спэцыяліст. А шлях праз мора — да некалькіх месяцаў.
«Кітай прапрацоўвае іншыя варыянты — праз Грузію і Чорнае мора. Але Чорнае мора цяпер ня самае бясьпечнае месца для транзыту. Альтэрнатыва ёсьць, але беларускія Малашэвічы — самы просты шлях», — падсумоўвае спэцыяліст.
«Гэта сапсуе стасункі»
Паводле экспэрткі дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, пасьля закрыцьця тэрміналу ў Малашэвічах Кітай можа абмежаваць эканамічную супрацу зь Беларусьсю.
«З аднаго боку, Беларусь зарабляе на транзыце, з другога — калі тэрмінал закрыецца, гэта сапсуе адносіны з Кітаем. Таксама гэта кепска з пункту гледжаньня эканамічных стасункаў з Кітаем. Калі там пабачаць, што тут цалкам перарываецца транзыт, то Кітай будзе абмежавана разглядаць Беларусь у пляне эканамічнага супрацоўніцтва. Тэрмінал у Малашэвічах быў да апошняга часу бесьперабойным каналам, які актыўна выкарыстоўваўся», — кажа Анастасія Лузгіна.
Беларусь з 2021 году не публікуе дадзеных аб экспарце паслуг. У 2021-м у Кітай экспартавалі паслуг на 345,4 мільёна даляраў. У іх ліку і паслугі транзыту тавараў — 43,2%. У гэтай статыстыцы Пэкін займаў 4-е месца пасьля Расеі, ЗША і Літвы.
Летась у верасьні першы намесьнік Берасьцейскага аддзяленьня «Беларускай чыгункі» Генадзь Азаранкаў казаў, што аб’ём перавозак цягнікамі Кітай — Эўропа пастаянна расьце. Тады штомесяц празь Берасьце праходзіла каля 150 грузавых цягнікоў, 70% зь якіх перавозілі тавары з Кітая.
Форум