Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнікаў жыльля, якое здаюць іншаземцам, абавязалі паведамляць пра іх міліцыі цягам 3 гадзін


Гатэль у Берасьці, архіўнае фота
Гатэль у Берасьці, архіўнае фота

Пералік жыльля, уладальнікі якога абавязаны паведамляць міліцыі аб замежных пастаяльцах, удакладнены пастановай Савету Міністраў Беларусі № 476 ад 5 ліпеня.

Дакумэнт, апублікаваны 9 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, канкрэтызуе паняцьце «сродкі разьмяшчэньня — памяшканьні, якія выкарыстоўваюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі для аказаньня паслуг у разьмяшчэньні», піша «Позірк».

Урад растлумачыў, што да гэтых «сродкаў разьмяшчэньня» адносяцца «нумары, пакоі і іншыя памяшканьні, разьмешчаныя ў гасьцініцах, акватэлях, апарт-гатэлях, матэлях, спа-гатэлях, гостэлах, кемпінгах, аздараўленчых арганізацыях, санаторна-курортных арганізацыях, а таксама дамы паляўнічага і рыбалова, дамы паляўнічага (рыбака), шале, бунгала».

Пастанова набыла моц 7 ліпеня — у той жа дзень, калі пачала дзейнічаць новая рэдакцыя закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства».

Закон абавязвае юрыдычных і фізычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія здаюць у арэнду «жылыя памяшканьні, пакоі ў аграэкасядзібах, садовыя дамкі і дачы, бізнэс-апартамэнты і сродкі разьмяшчэньня на тэрмін ад аднаго дня», не пазьней чым праз тры гадзіны пасьля засяленьня замежнага госьця перадаваць інфармацыю аб ім «у орган унутраных спраў па месцы знаходжаньня такіх памяшканьняў».

За парушэньне гэтага патрабаваньня прадугледжаны штраф да 20 базавых велічыняў (800 рублёў).

Гэтае патрабаваньне тычыцца таксама фізычных асоб, якія здаюць жыльлё ў арэнду. У савецкія часы сувязі з іншаземцамі старанна адсочваліся ўладамі. Ёсьць такія выпадкі і цяпер.

У 2012 годзе рыэлтара Сяргея Башарымава абвінавацілі ў дапамозе швэдам, якія на лёгкаматорным самалёце перасяклі літоўска-беларускую мяжу, дабраліся да ўскраіны Менску і скінулі плюшавых мядзьведзікаў зь лёзунгамі ў абарону свабоды слова («плюшавы дэсант»). Башарымаў быў тым, хто здаў іншаземцам кватэру ў беларускай сталіцы. Пасьля яго адпусьцілі, а крымінальны перасьлед спынілі.

Пасьля дывэрсіі на аэрадроме ў Мачулішчах (Менская вобласьць) у лютым 2023 году сярод іншых былі затрыманы сужэнцы Аляксандр і Людміла Кучынскія. Сьцьвярджалася, што яны здалі жыльлё меркаванаму выканаўцу — украінскаму грамадзяніну Мікалаю Швяцу (ён разам з чацьвярымі іншымі ўкраінцамі ў канцы чэрвеня быў вызвалены і перададзены Кіеву). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Кучынскія былі вызваленыя са сьледчага ізалятара КДБ у сьнежні 2023-га ў статусе сьведак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG