Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зьбіраюць подпісы супраць зьнішчэньня парку пад музэй расейскага цара


Помнік у гонар Стаўкі расейскага імпэратара ў Магілёве, архіўнае фота
Помнік у гонар Стаўкі расейскага імпэратара ў Магілёве, архіўнае фота

У горадзе праходзіць грамадзкае абмеркаваньне ўзьвядзеньня новага музэйнага комплексу.

«У сувязі з пачаткам грамадзкага абмеркаваньня па канцэпцыі рэканструкцыі парку імя Горкага мы заяўляем, што выступаем рашуча супраць узьвядзеньня ў гэтым месцы музэйнага комплексу і любых іншых аб’ектаў, якія запатрабуюць зьнішчэньня дрэваў і разбурэньня археалягічнага плясту замчышча», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Аўтары пэтыцыі заяўляюць, што будаўніцтва парушыць шэраг нормаў заканадаўства, пры рэалізацыі праекту з падземным паверхам будзе цалкам зьнішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі гораду — колішняга Магілёўскага замку, які існаваў у XVI–XIX стагодзьдзях.

«Тут у зямлі захаваліся грунтавы могільнік і рэшткі сярэднявечных умацаваньняў (XII–XIII стст.). Культурны пляст гістарычнага цэнтру зьяўляецца складовай часткай гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Чужародны па архітэктуры аб’ект на месцы парку і драўляных умацаваньняў пагоршыць традыцыйнае ўспрыманьне гістарычнага цэнтру, што таксама забаронена».

Акрамя таго, на месцы адбудзецца зьмяненьне або страта элемэнтаў гістарычнага ляндшафту ўздоўж берагоў рэк Дубравенка і Дзебра, карэннага правага берага Дняпра, тэрыторыі парку культуры і адпачынку імя Горкага.

Грамадзкія дзеячы лічаць, што рэалізацыя прадстаўленага праекту прывядзе да вынішчэньня амаль усіх (акрамя аднаго) дрэваў на палове тэрыторыі парку Горкага. Таксама праектам прадугледжаны зрэз натуральнага пагорку, на якім паўстане асноўны паверх музэйнага комплексу. Грамадзяне лічаць, што гэта зьяўляецца відавочным і непапраўным зьмяненьнем гістарычнага ляндшафту парку.

«Мы лічым памылкай прапанову зьнішчыць ядро гораду з тысячагадовай гісторыяй, каб пабудаваць музэй у славу цара, вядомага як Мікалай „Крывавы“, які прабыў у горадзе пару гадоў, уцягнуўшы краіну ў імпэрыялістычную вайну, якая прынесла беларусам толькі кроў і разбурэньні», — падкрэсьлілі аўтары пэтыцыі.

З 2005 году ў праекце зонаў аховы гістарычнага цэнтру Магілёву забаронена любое будаўніцтва на плошчы Славы (раней Савецкай) акрамя навукова абгрунтаванага аднаўленьня страчаных будынкаў.

«У 2008 годзе была адбудавана ратуша, але для аднаўленьня помнікаў клясыцызму — будынку губэрнскага праўленьня і дому губэрнатара — не было зроблена нічога. Сёньня замест будынкаў толькі газон. Тое ж самае прапісанае і у праекце зонаў аховы, прынятым у 2023 годзе. Нават пазначаныя контуры страчаных помнікаў архітэктуры. Месцам пражываньня цара і месцам разьмяшчэньня Стаўкі быў як раз дом губэрнатара. Захавалася вялікая колькасьць фотаздымкаў як экстэр’ераў, так і інтэр’ераў, у тым ліку тых, дзе пражываў і працаваў Мікалай ІІ», — напісана ў пэтыцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG