Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Антэ Ёзіч у Будславе зьвярнуўся з пасланьнем да беларускіх вернікаў у сувязі з заканчэньнем свайго служэньня ў краіне. Прадстаўнік Папы Рымскага адзначыў «мужную веру» беларускага народу, піша katolik. life.
Падчас галоўнай сьвятой Імшы фэсту ў Будславе ў гонар маці Божай Будслаўскай ватыканскі дыплямат зьвярнуўся з пасланьнем і перасьцярог ад будаўніцтва «дому, у якога няма будучыні». У прамове, якую прадстаўнік Папы Рымскага прачытаў па-беларуску, ён адзначыў «мужную веру» народу.
Гаворачы аб сучаснасьці, ватыканскі дыплямат заўважыў:
«Дамы, якія мы будуем, могуць быць вялікімі і прыгожымі, калі ў нас ёсьць добры дастатак. Але калі адносіны ў нашым шлюбе, сям’і, паміж роднымі і ў грамадзтве парушаюцца, нашы дамы становяцца бяздушнымі будынкамі бяз радасьці. У такіх дамоў няма будучыні».
Архібіскуп Ёзіч такама сказаў, што перад тым, як пакінуць краіну, ён «хацеў бы таксама пакінуць запавет, які адпавядае таму, што сьвяты айцец Папа Францішак часта прамаўляе да нас»:
«Гэта духоўны запавет, які дапаможа вам заставацца ў адзінстве ў цяжкія часы. Дарагія беларусы! Ваша гісторыя навучыла вас заўсёды быць мірнымі і вернымі свайму пакліканьню. Будзьце і надалей будаўнікамі міру ў сучасным сьвеце, заўсёды несучы радасьць і братэрскую еднасьць. Абараняйце сваю хрысьціянскую веру розных традыцый. Заўсёды выходзьце насустрач братам і сёстрам у галечы. Беражыце хрысьціянскія і сямейныя каштоўнасьці».
Апостальскі нунцый, архібіскуп Антэ Ёзіч, які паходзіць з Харваты, узначальваў ватыканскую нунцыятуру ў Беларусі з 21 траўня 2020 году. 28 чэрвеня 2024 году ён прызначаны Апостальскім нунцыем у Армэніі і Грузіі. Да прызначэньня ў Беларусь ён быў Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары з 2 лютага па 28 кастрычніка 2019 году. Тытулярным архібіскупам Цысы ён стаў 2 лютага 2019 году.
Форум