У сваім звароце Антэ Ёзіч паўтарыў словы Эвангельля: «Хрыстус уваскрос. Сапраўды ўваскрос».
«Гэтае абвяшчэньне мы чуем ня толькі ў касьцёлах, але і ў кожнай веруючай сям’і, якая сьвяткуе Вялікдзень.
Другую фразу — „Супакой вам“ — уваскрослы Езус скіраваў да сваіх спалоханых і засмучаных вучняў, таму што яны страцілі свайго Настаўніка. Многія людзі ў сьвеце па-ранейшаму напалоханыя і занепакоеныя землятрусамі, пандэміямі, войнамі, сваёй нявызначанай будучыняй, з-за чаго многія адчуваюць няўпэўненасьць і непакояцца за сваё мірнае жыцьцё. У выніку многія людзі вырашылі пакінуць свае краіны ў пошуках лепшага жыцьця», — сказаў Ёзіч у пасланьні.
Апостальскі нунцый дадаў, што зараз чалавецтва ставіць перад сабою пытаньне, як пераадолець зло ў сьвеце, якое прыносіць столькі няшчасьцяў, войнаў і іншых формаў насільля, што кідаюць мільёны людзей у выгнаньне, забіраюць чалавечыя жыцьці і зьнішчаюць маёмасьць, правакуюць эксплюатацыю і бесчалавечнае абыходжаньне са слабымі?
«Цяжкасьці і крызісы, якія мы перажываем у сучасным грамадзтве, не павінны быць прычынай расчараваньня, таму што Пасха Пана заўсёды нясе нам сьвятло, якое расьсейвае цемру. Вялікдзень заўсёды дае нам сілы пераадольваць цяжкасьці і заставацца вернымі свайму пакліканьню».
Таксама Антэ Ёзіч павіншаваў усіх праваслаўных вернікаў, якія адзначаюць Вялікдзень паводле юліянскага календара, і пажадаў ім шчодрага Божага бласлаўленьня.