У канцы чэрвеня актывіст з Мар’інай Горкі Віктар Евілін (такое напісаньне прозьвішча ў дакумэнтах у героя публікацыі. — Рэд.) даведаўся ад Дэпартамэнту міграцыі Літвы, што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Яму не падоўжылі дазволу на жыхарства, хаця раней праблем з гэтым не было. У Літве Віктар знаходзіцца з 2020 году.
«У мяне быў дазвол на жыхарства з мэтай злучэньня сям’і. У сакавіку я падаўся на падаўжэньне (дагэтуль мне яго працягвалі два разы). Гэтым разам выклікалі ў міграцыйную службу на відэаінтэрвію, пагаварылі пра жыцьцё ад школы да цяперашняга моманту. Пыталіся, як я стаўлюся да вайны ды іншае. Прасілі пацьверджаньне, што я быў назіральнікам на выбарах у 2015 годзе», — расказвае Віктар Евілін.
Таксама, па словах актывіста, міграцыйная служба запрасіла сканы працоўнай кніжкі. А 26 чэрвеня прыйшла адмова ў часовым дазволе на жыхарства, бо беларуса прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы» (тэкст паведамленьня ёсьць у рэдакцыі. — РС).
«Я працаваў у МНС, а яно нібыта падкантрольнае спэцслужбам. Праз два дні яшчэ прыслалі паведамленьне, што мне на 2 гады забаронены ўезд у Літву. Цяпер рыхтуюся да таго, каб аспрэчыць такое рашэньне», — кажа Віктар.
У жонкі Віктара бацька зь Літвы, таму яна мае пастаянны дазвол на жыхарства. А дазвол на жыхарства ў Віктара быў атрыманы для ўзьяднаньня сям’і. У пары чацьвёра дзяцей: два дарослыя сыны і дзьве дачкі — адна абітурыентка, другая школьніца. Усе яны жывуць у Вільні.
Паўгода за кратамі пасьля працы ў МНС
У 2012 годзе Віктар сапраўды працаваў у МНС, займаўся ацэньваньнем пажараў, статыстыкай. Тады ж трапіў за краты на паўгода. Як мяркуе суразмоўца, гэта была «пастаноўка» з боку сілавікоў.
«Я бачыў, як на тэрыторыі брыгады спэцназу трэнавалася сілавікі ў нас у Мар’інай Горцы перад выбарамі 2010 году. Ведаў, што да выбуху ў мэтро ў красавіку 2011 году пажарныя разьлікі былі ў дварах за 20 хвілін. Мне здавалася, гэта было сплянавана, і я актыўна дзяліўся гэтымі думкамі. Мяркую, тады і трапіў пад пільную ўвагу і быў „на алоўку“», — дзеліцца думкамі Віктар.
У 2012 годзе Віктара Евіліна затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу праз падазрэньне ў даваньні хабару. Суразмоўца называе гэта правакацыяй.
«Там сьпярша было тры крымінальныя справы, дзьве зь іх разваліліся. Да суду засталася адна. Справа нібыта за хабар. Быў пажар, быў хлопец, які ў гэтым вінаваты. Спаліў чужую хату. Я мусіў распачаць крымінальную справу, але яе ніколі ратавальнікі не пачыналі. Мне трэба было, каб гэты хлопец замірыўся з гаспадыняй дому. У нейкі дзень ён мне пачаў прапаноўваць, каб я перадаў ёй грошы, бо ён саромеецца. Я адмаўляўся, ён званіў кожны дзень. У адзін з дзён ён прыехаў з грашыма: 300 даляраў, мы былі ў маёй машыне. І тут жа прыехалі сілавікі і затрымалі мяне», — прыгадвае Віктар.
У выніку суд прысудзіў яму 5 гадоў «хатняй хіміі». Віктар падкрэсьлівае, што за ўвесь час працы ў МНС ня меў кантактаў з КДБ.
Пасьля МНС Віктар працаваў у розных прыватных кампаніях, на кіраўнічых ды іншых пасадах. Пасьля 2014 году сям’я задумалася пра пераезд. Аднак тады хутка прадаць дом не атрымалася, сарвалася і магчымасьць выехаць.
«Арганізоўвалі пікеты, зьбіралі грошы палітвязьням»
Пры гэтым Віктар быў актыўны ў розных палітычных суполках.
«Я бываў на варце ў Курапатах, калі там адкрылі рэстаран „Поедем поедим“, быў на сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР у Менску. А ў 2020 годзе мы актыўна ўліліся ў хвалю, падтрымлівалі Ціханоўскую. Я ўваходзіў у мясцовую групу ў Пухавіцкім раёне, і мы каардынавалі сустрэчы, выступы, вялі перапіску зь мясцовымі ўладамі. Арганізоўвалі пікеты, запрашалі актывістаў зь Менску. Пасьля ўжо зьбіралі грошы на дапамогу палітвязьням», — пералічвае Віктар.
Таксама, па словах суразмоўцы, ён распаўсюджваў улёткі, адміністраваў разам з жонкай рэгіянальны тэлеграм-канал.
«Я рабіў гэта ўсё акуратна, праца вялася акуратна, таму затрыманьня ўдалося пазьбегнуць. У сьнежні мы атрымалі літоўскія гуманітарныя візы празь небясьпеку знаходжаньня ў Беларусі. І выехалі. Жонка і дзеці атрымалі пастаянны дазвол на жыхарства, а я атрымаў часовы», — кажа Віктар.
У Беларусь суразмоўца паехаць ня можа, бо могуць арыштаваць. Зьбіраецца аспрэчваць рашэньне, бо «іншых варыянтаў няма».
«У Беларусь 100% немагчыма. Буду праходзіць усе інстанцыі абскарджаньня. Ад такой сытуацыі выйграе толькі Лукашэнка. У Беларусі мяне могуць толькі пасадзіць, ды і дом мы прадалі», — разгублена гаворыць суразмоўца.
У Літве Віктар да адмовы ў працягу дазволу на жыхарства працаваў
электрамантажнікам. Афіцыйна працу ў Літве меў з 2021 году.
Свабода зьвярнулася ў міграцыйную службу Літвы наконт гэтага выпадку, там адказалі, што не камэнтуюць інфармацыю адносна юрыдычнага статусу і асабістых зьвестак грамадзян.
BySol абвесьціў збор у падтрымку Віктара, каб дапамагчы з паслугамі адваката.
Форум